Створаны аргкамітэт па святкаванні Дня Волі-102
Лідэры «Руху «За Свабоду» (Юрый Губарэвіч), Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (Мікалай Казлоў), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) (Ігар Барысаў), Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі (Віталь Рымашэўскі) абвесцілі аб пачатку арганізацыйнай працы па святкаванні Дня Волі-102.
Аргкамітэт заяўляе, што адкрыты да супрацы з іншымі палітычнымі і грамадскімі арганізацыямі і заклікае далучацца як да яго, так і да каардынацыі сумесных дзеянняў.
У адпаведнасці з планамі аргкамітэта святкаванне Дня Волі распачнецца 22 сакавіка з канцэрта-мітынга ў сталіцы, працягнецца 23 сакавіка ўскладаннем кветак ля памятнага знака прэм’ер-міністру БНР, аўтару ІІІ Устаўной Граматы аб незалежнасці Беларусі Антону Луцкевічу ў мінскім скверы імя Янкі Купалы, працягнецца 24 сакавіка лакальнымі імпрэзамі на сядзібах арганізацый і ў кавярнях Мінска, а кульмінацыяй святкавання стане квэст 25 сакавіка «Дзе мой аўтазак?»
Арганізатары заяўляюць, што да свята будзе абвешчаны сбор сродкаў. Нумары рахункаў, а таксама платформы, праз якія будзе ісці збор, будуць абвешчаныя ў бліжэйшы час.
Да гэтага моманту перадаць сродкі на арганізацыю мерапрыемстваў можна праз лідэраў названых палітычных арганізацый.