Андрэй Шэмятавец: краіна, якая дастала ўвесь свет, наблізілася да нас са сваімі абдымкамі (відэа)
Кандыдат у дэпутаты ад БХД па Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99 Андрэй Шэмятавец падчас свайго тэлевыступу на тэлеканале «Беларусь 3» выступіў з крытыкай “арміі чыноўнікаў з пагонамі і без”, якія, на яго думку, ствараюць грамадзянам «усё больш вытанчаныя» праблемы.
“Самы каштоўны чыноўнік для дзяржавы – гэта спецыяліст па замыльванні пытанняў да такой ступені, калі людзі махаюць рукой, зразумеўшы, што ўсе бескарысна”, – заявіў ён.
Сярод прыярытэтных пытанняў, кандыдат назваў павышэнне статусу настаўніка ў краіне з упорам на развіццё ў школах вывучэння беларускай мовы і гісторыі.
Таксама ён раскрытыкаваў дзейных дэпутатаў, якія павялічваюць пенсійны век, прыбяраюць адтэрміноўкі ад войска. На яго думку, ніхто з іх не мае права прайсці ў новы склад Палаты прадстаўнікоў.
Андрэй Шэмятавец закрануў і тое, што “краіна, якая дастала сваімі ўчынкамі практычна ўвесь свет, вельмі блізка наблізілася да нас са сваімі брацкімі абдымкамі”. Паводле яго, каб адбіцца ад таго суседа давядзецца напрэгчы ўсе сілы.