Мікалай Чэчка: беларусам не хапае веры ў свае сілы

28 кастрычніка 2019 18:17  |  Палітыка

Мікалай Чэчка: беларусам не хапае веры ў свае сілы

 

Кандыдат у дэпутаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Палескай выбарчай акрузе 43 Мікалай Чэчка з Лельчыцаў у сваім тэлевыступе заявіў, што ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі, каб у Беларусі пачаліся адказныя рэформы, каб “вярнуць людзям надзею на змены, на лепшую будучыню”.

“Сёння ўлада ўжо не можа даць людзям развіццё і годныя заробкі. Паўсюль, як грыбы, растуць шкодныя вытворчасці. Моладзь з’язджае за мяжу ад «закона аб адтэрміноўцы» або па лепшую адукацыю, годнымі заробкамі і працай. Дэпутаты падтрымліваюць любое, нават безадказнае рашэнне чыноўнікаў. Цяпер гэтыя выхадцы з намэнклятуры зноў ідуць у парламент”, – сказаў ён.

Паводле яго, “трэба змяніць сённяшні безадказны курс, сённяшняе кіраўніцтва”.

“Мы ствараем народную партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Мы хочам змяніць сённяшнюю безадказную палітыку, якая прывяла да застою. Важна вярнуць людзям надзею на новыя працоўныя месцы з годнымі заробкамі і пенсіямі”, – адзначыў кандыдат у дэпутаты.

Мікалай Чэчка падкрэсліў, што БХД разам з экспертамі распрацавала праграму сістэмных рэформаў у эканоміцы, кіраванні і забудове гарадоў «Адказныя рэформы з новым парламентам».

“Усю сістэму трэба мяняць ўжо цяпер. Інакш зноў пасля выбараў нас чакае рост тарыфаў на ЖКГ і транспарт, павелічэнне пенсійнага ўзросту, уцёкі моладзі і работнікаў за мяжу, новыя падаткі і зборы”, – падкрэсліў Мікалай Чэчка.

Паводле яго, крыніцамі развіцця мусяць стаць больш эфектыўнае і празрыстае размеркаванне таго, што ёсць, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, інвестыцыі і новыя тэхналогіі.

“Веру, што беларусы вартыя лепшага жыцця. Мы гатовыя да пераменаў, але пакуль не хапае веры ў свае сілы”, – адзначыў кандыдат і заклікаў падтрымаць БХД ды пракантраляваць галасаванне 17 лістапада.

Болей навін