У Менску прайшоў фінальны пікет правацэнтрыстаў (відэа)
Прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных партыяў і рухаў 16 лістапада праводзяць адзін з апошніх перадвыбарчых пікетаў каля Камароўскага рынку ў Менску.
Сярод удзельнікаў акцыі былі заўважаныя сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова, кіраўнікі ПБНФ і «Руху за свабоду» Рыгор Кастусёў ды Юрась Губарэвіч адпаведна, былы і дзейны кіраўнікі АГП Анатоль Лябедзька ды Мікалай Казлоў, лідарка МХД Надзея Гацак, намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук ды іншыя.
Асаблівасцю пікету стала тое, што адначасова з ім праводзіўся пікет з імправізаваным канцэртам ад «Белай Русі», падчас якога песні расейскай і беларускай эстрады (Анжаліку Агурбаш, Юрыя Шатунова і іншыя) заглушалі апазіцыянераў, не даючы ім камунікаваць з выбарнікамі.
Прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, тым не менш, спрабавалі размаўляць з выбарнікамі, раздавалі агітацыйныя матэрыялы, збіралі подпісы пад сваймі прапановамі, а часам нават спрабавалі загітаваць на свой бок і перакрычаць праўладны мітынг.