“Дзяды Марозы“ супраць 193 КК

15 кастрычніка 2009 14:55  |  Палітыка

Пэтыцыю на імя генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з патрабаваньнем скасаваць артыкул 193 Крымінальнага кодэксу перадалі актывісты праваабарончых і моладзевых арганізацыяў.Некаторыя ўдзельнікі акцыі былі апранутыя ў строі Дзедаў марозаў.


Сярод тых, хто перадаваў пэтыцыю былі: кіраўнік БХК Алег Гулак, юрыст Валяньцін Стэфановіч, былы дэпутат Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін, намесьніца старшыні Моладзі БНФ Аляксандра Клімовіч.

 

Яны патлумачылі, што абралі такі фармат акцыі, каб паказаць абсурднасьць гэтага артыкулу.

 

“Артыкул улады выкарыстоўваюць для таго, каб ціснуць на прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Паводле гэтага артыкулу можна прыцягваць да адказнасьці амаль кожнага другога грамадзяніна краіны. Гэта могуць быць аматары пчалярства, гурток макрамэ і нават “дзяды марозы” — іх таксама пры жаданьні можна прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў марозаў”, — заявіў адзін з удзельнікаў акцыі.

 

Прадстаўнікі пракуратуры прынялі заяву. Яны таксам паабяцалі, што бліжэйшымі днямі дашлюць пісьмовы адказ.

 

Людзі ў форме Службы бясьпекі пракуратуры патрабавалі ад фотакарэспандэнтаў паказаць, што тыя зьнялі, а таксама патрабавалі выдаліць здымкі будынка пракуратуры, што месьціцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Болей навін