Правакацыя ў Полацку: юны сталініст супраць сябра БХД “под флагом поліцаев”
У Полацку 19-гадовы навучэнец і блогер Раман Ляўкоўскі распачаў мэтанакіраванае цкаванне сябра БХД, прадпрымальніка Генадзя Бердзянёва, з-за бел-чырвона-белага сцягу, які Генадзь вывешвае на сваім працоўным месцы.
Праз свой блог і сацыяльныя сеткі Ляўкоўскі распаўсюджвае паклёпы на Генадзя Бердзянёва і заклікае міліцыю ды падаткавую “бороться протів капіталістов, которые продают левый товар под флагом белорусскіх поліцаев”.
Генадзь Бердзянёў звязвае раптоўную актыўнасць юнага сталініста з заказам спецслужбаў, якія праводзяць зачыстку перад “вакханаліяй” прэзідэнцкай кампаніі, абвешчанай Лукашэнкам на 2020 год.
– Магчымыя правакацыі, – кажа Генадзь Бердзянёў у інтэрвію прэс-службе БХД. – Падобна, што рыхтуюцца “зачышчаць” актыўных і падрыхтаваных лідараў. Але я адказна заяўляю, што ніякіх намераў фізічна ўздзейнічаць на Ляўкоўскага не маю, ніякай помсты не рыхтую. Наадварот, я напісаў заяву ў міліцыю на неадэкватнага хлопца, які абражае полацкіх прадпрымальнікаў і беспакарана цкуе іх.
Людзі на кірмашы і пакупнікі, паводле Генадзя, абураюцца паводзінамі Ляўкоўскага, які здымае і выкладвае ў сеціва абразлівыя матэрыялы пра прадпрымальнікаў ды рэкламуе чалавеканенавісніцкую ідэалогію Леніна і Сталіна.
Даведка БХД: Генадзь Бердзянёў – адзін з лідараў прадпрымальніцкіх пратэстаў 2016 года, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Для зацікаўленых журналістаў: яго кантакт 80295169295.