Паўла Севярынца і актывістаў БХД судзілі за падтрымку незалежнасці Беларусі
9 студзеня ў Беларусі працягнуліся суды над удзельнікамі акцыяў у падтрымку незалежнасці краіны. Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлу Севярынцу, які зараз адбывае 15-суткавы арышт у ЦІП на вуліцы Акрэсціна, суд Цэнтральнага раёну Менску 9 студзеня вынес чарговы прысуд.
Яго судзілі за заклікі на акцыі 8 снежня да ўдзелу ў новай акцыі за незалежнасць Беларусі 20 снежня. Вынік – 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Актывістка БХД з Віцебскага раёну Алена Янушкоўская была аштрафаваная двойчы ў судзе Цэнтральнага раёну Менску па 810 рублёў. Адпаведныя рашэнні вынеслі суддзі Юлія Густыр і Валеры Есьман.
У судзе Кастрычніцкага раёну хрысціянскі дэмакрат Валерый Бычкоўскі быў аштрафаваны на 1350 рублёў паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Суддзя – Лаўрыновіч.
А ў Віцебску каардынатарку БХД на Віцебшчыне Таццяну Севярынец паводле двух пратаколаў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП аштрафавалі сумарна на 1620 рублёў.
Паводле “Вясны”