Распачалі збор сродкаў на Дзень Волі – 2020

23 студзеня 2020 18:07  |  Галоўныя навіны

Распачалі збор сродкаў на Дзень Волі – 2020

 

Аргкамітэт святкавання 102-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціў пра пачатак збору грошай на правядзенне акцыі.

У аргкамітэт святкавання Дня Волі сёлета ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыі, Беларуская хрысціянская дэмакратыі і Рух «За Свабоду».

Асноўнай падзеяй святкавання 102-й гадавіны з моманту абвяшчэння БНР стане мітынг-канцэрт, які адбудзецца ў Менску ў нядзелю, 22 сакавіка. Час і месца канцэрту ўзгадняюцца.

«Дзень Волі павінен стаць нацыянальным святам усіх беларусаў і беларусак. У 2018 годзе быў зменены фармат правядзення мерапрыемства з пратэстнага на святочнае, што знайшло станоўчы водгук у грамадстве. У гэтым годзе мы прытрымліваемся раней узятага курсу і лічым, што ў 2020 годзе Дзень Волі павінен быць святам, якое павінна аб’яднаць прыхільнікаў Незалежнасці, Дэмакратыі і Еўрапейскасці», – заяўляюць у аргкамітэце.

Арганізатары просяць падтрымаць плануемыя падзеі, прысвечаныя Дню Волі, каб зрабіць яго «больш якасным і аплаціць выдаткі, якія звязаны з яго арганізацыяй». Ахвяраваць сродкі можна з дапамогай платформы «MOLAMOLA».

МГ belsat.eu

Болей навін