Павел Севярынец. Каронавірус. Лукашэнку чхаць на народ!

13 сакавіка 2020 09:31  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец. Каронавірус. Лукашэнку чхаць на народ!

 

Каронавірус з высокай смяротнасцю ахоплівае свет. Пытанне часу, калі эпідэмія пачнецца у нас. Пакуль афіцыйна выпадкаў заражэння ў Беларусі адзінкі, але хто ведае, колькі такіх людзей насамрэч? Хто верыць БТ? 
Межы з Расеяй адкрытыя. З Кітаем ды Іранам, дзе эпідэмія ў разгары, абдымаемся і цалуемся, не зважаючы на гігіену. 

Ангела Меркель папярэдзіла, што перахварэюць 60-70% немцаў. І гэта з іх сістэмай аховы здароўя ды нямецкім парадачкам. А смяротнасць – 3,5%. 
Але Лукашэнка і Мінздароўя супакойваюць: падумаеш, вірус! 
Няма ніякай арганізаванай падрыхтоўкі і мабілізацыі на выпадак выбуху. 
Меры перасцярогі трэба прымаць ужо цяпер! 
Вядома, што хворых ратуе штучная вентыляцыя лёгкіх. Патрэбная тэрміновая інвентарызацыя, закупка і ўсталяванне апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх ва ўсіх шпіталях. Дорага? Прадай самалёты, майбахі ды рэзідэнцыі! Гаворка ідзе пра жыцці людзей! 
Неабходна ў бліжэйшыя дні разгортванне часовых інфекцыйных шпіталяў каля Менску і абласных цэнтраў – шпіталяў, гатовых прыняць тысячы людзей. 
Патрэбны літаральна вайсковы інструктаж медыкаў – пачытайце пра Італію! 
Патрэбныя адмысловыя заняткі ў школах і ўніверсітэтах, інструктаж на прадпрыемствах, ясныя і поўныя відэа – як засцерагчыся і што рабіць, калі праяўляюцца сімптомы хваробы. 
Патрэбнае ўсталяванне рукамыйнікаў з вадкім мылам і антысэптыкам у месцах агульнага карыстання, і шыльдачкі з указаннем, дзе можна памыць рукі – паўсюль, дзе іх няма. 
Чаму гэта ня робіцца? 
Таму што яму чхаць на народ. 
Думаю, для свёй сям’і і чыноўнікаў дыктатар ужо прыняў меры. А народ – хай сабе бегае па абменніках і чакае, пакуль хвароба прыдзе па іх. 
Такую ўладу трэба мяняць – чым хутчэй, тым лепш. 
Гэтаму рэжыму ні з каронавірусам, ні з эканамічным крызісам ня справіцца. 
Лукашэнка, сыходзь!

Болей навін