Заснавальнікі аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” заяўляюць аб сваёй працы ў Беларусі толькі ў рамках дзейнага заканадаўства
Заснавальнікі аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” заяўляюць аб сваёй працы ў Беларусі толькі ў рамках дзейнага заканадаўства.
У сувязі з тым, што ў Беларусі прыняты закон аб крымінальнай адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, 19 студзеня адбыўся сход заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Хрысціянскія дэмакраты прынялі рашэнне аб працягу сваёй дзейнасці ў Беларусі ў рамках падрыхтоўкі да рэгістрацыі партыі і правядзенні для гэтага мерапрыемстваў у адпаведнасці з Законам РБ “Аб палітычных партыях”, а менавіта:
– падрыхтоўка да правядзення ўстаноўчага з’езда партыі;
– падрыхтоўка статута партыі;
– падрыхтоўка праграмы партыі;
– падрыхтоўка спісу заснавальнікаў партыі і іншых неабходных дакументаў для рэгістрацыі партыі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
У заяве аргкамітэт таксама адзначыў аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя БХД іншых структур і асобных асоб.
Як адзначыў Віталь Рымашэўскі: “У Беларусі рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, знішчаецца грамадзянская супольнасць, прымаюцца новыя рэпрэсіўныя законы. Беларусі патрэбна развіццё, а не шматгадовы крызіс, які ўзмацняецца. І для гэтага неабходна ўстойлівая грамадзянская супольнасць і палітычныя партыі. Хрысціянская дэмакратыя, сацыяльная рыначная эканоміка – гэта паспяховая мадэль палітычнага і эканамічнага ладу. Сёння няма ўмовы для перамогі на дэмакратычных выбарах, але мы можам рыхтаваць праграму партыі, якая стане асновай рэформаў будучай Беларусі”.
Кажа Вольга Кавалькова “Замест дыялогу і іншых дзеянняў накіраваных на пераадоленне крызісу, кожны дзень мы атрымліваем новыя забараняльныя законы, якія робяць нашу краіну небяспечнай для людзей, усё больш раз’ядноўваюць грамадства. Сітуацыя складаная, але нават у гэтых умовах неабходна працягваць працу і рабіць няхай маленькія, але крокі да пераменаў.І для гэтага мы будзем выкарыстоўваць магчымыя спосабы для аб’яднання і сумесных дзеянняў, накіраваных на развіццё грамадства і дзяржавы. Мы працягнем дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў, сярод якіх нашы калегі Павел Севярынец і Таццяна Канеўская. Важна памятаць, што наша сіла – у адзінстве і салідарнасці, веры і барацьбе адзін за аднаго і Беларусь”.