Беларуская хрысціянская дэмакратыя ўзняла тэму рэпрэсій супраць рэлігіі на Кангрэсе ЕНП у Валенсіі

01 мая 2025 12:00  |  БХД Галоўныя навіны Грамадства Навіны Палітыка Рэлігія

29 красавіка падчас Кангрэса Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) у іспанскай Валенсіі адбылася адкрытая дыскусія пад назвай «Беларусь у аблозе: шляхі да суверэнітэту і дэмакратыі». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Фонд Konrad Adenauer Stiftung (KAS-Belarus), Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе, а таксама Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая з’яўляецца суарганізатарам гэтай дыскусіі.

У абмеркаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў і еўрапейскія палітыкі, у тым ліку Святлана Ціханоўская (з вітальным словам), еўрадэпутаты Антоніа Лопес-Істурыc, Томас Тобэ, Мірыям Лексман, Пабла Іспан, а таксама беларусы Віталь Рымашэўскі (БХД), Анатоль Лябедзька і Юрый Губарэвіч.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і спікер фракцыі Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў у Каардынацыйнай радзе, у сваім выступленні ўзняў тэму рэпрэсій супраць рэлігійных супольнасцяў у Беларусі. Ён адзначыў, што пасля знішчэння палітычных партый, прафсаюзаў і праваабаронцаў, рэжым Лукашэнкі перайшоў да атакі на апошнюю частку грамадзянскай супольнасці — незалежныя рэлігійныя супольнасці і цэрквы, якія не жадаюць паўтараць прапаганду Лукашэнкі і Крамля.

— «Рэжым ухваліў дыскрымінацыйны закон, які патрабуе ад усіх рэлігійных арганізацый прайсці паўторную рэгістрацыю да 5 чэрвеня 2025 года. Гэта азначае, што многія страцяць легальны статус. А за любую дзейнасць ад імя незарэгістраванай супольнасці пагражае да двух гадоў турмы — нават проста за малітву дома без дазволу ўладаў», — адзначыў Рымашэўскі.

Яскравым прыкладам гэтых рэпрэсій ён назваў прысуд ксяндзу Генрыху Акалатовічу, які быў асуджаны на 11 гадоў турмы нібыта за «шпіянаж» на карысць Ватыкана і Польшчы — падзею, якой не было ў Еўропе з часоў распаду СССР.

На дыскусіі была прадстаўлена і рэзалюцыя ЕНП, прысвечаная сітуацыі з рэлігійнай свабодай у Беларусі. У ёй ЕНП рашуча асуджае новы закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, а таксама артыкуł 193-1 Крымінальнага кодэксу, які крыміналізуе дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

У дакуменце выказваецца патрабаванне:
скасаваць усе рэпрэсіўныя нормы і артыкулы законаў;
вызваліць усіх зняволеных святароў і палітвязняў, у тым ліку Генрыха Акалатовіча, Сяргея Рэзановіча, Анджэя Юхневіча і Мікалая Хілу;
вярнуць вернікам канфіскаваныя святыні, у тым ліку Чырвоны касцёл у Мінску.

ЕНП таксама заклікае інстытуты ЕС:
• актывізаваць супрацоўніцтва з беларускім грамадзянскім грамадствам,
• прызначыць спецыяльнага прадстаўніка ЕС па свабодзе веравызнання,
• распачаць афіцыйнае расследаванне парушэнняў міжнародных дамоваў Беларусьсю,
• і забяспечыць падтрымку рэлігійным супольнасцям, якія падвяргаюцца пераследу.

Прыняцце гэтай рэзалюцыі — важны акт салідарнасці з беларускім грамадствам і выразная падтрымка рэлігійнай свабоды, як неад’емнага права чалавека, падкрэсліў Віталь Рымашэўскі ў завяршэнні свайго выступу.

Болей навін