«Улады робяць усё, каб незалежная царква ў Беларусі была знішчаная» — Віталь Рымашэўскі пра «зачыстку» рэлігійных арганізацый пад выглядам перарэгістрацыі
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі даў каментар тэлеканалу «Белсат» адносна сістэмнай кампаніі па ліквідацыі рэлігійных арганізацый у Беларусі, якая адбываецца пад выглядам абавязковай перарэгістрацыі.
Паводле звестак, сабраных журналістамі, толькі ў двух рэгіёнах — на Віцебшчыне і Меншчыне — пасля 1 студзеня 2024 года былі ліквідаваныя ўжо 84 рэлігійныя абшчыны, у тым ліку 55 праваслаўных, 11 рыма-каталіцкіх, а таксама абшчыны пратэстанцкіх, юдэйскіх і мусульманскіх канфесій. Эксперты мяркуюць, што ў агульнанацыянальным маштабе гэта можа азначаць знішчэнне каля 220 суполак — адкат на ўзровень пачатку 2010-х гадоў.
Віталь Рымашэўскі пракаментаваў:
«Рэлігійныя арганізацыі – гэта таксама і сацыяльныя службы, моладзевыя служэнні, ініцыятывы, якія працуюць з групамі рызыкі (з алкаголікамі, наркаманамі). Гэта велізарная частка грамадзянскай супольнасці, якая, на жаль, заўсёды заставалася па-за ўвагай і ейная роля недаацэньвалася нават незалежнымі медыямі, грамадзянскімі супольнасцямі і дэмакратычнымі палітыкамі. Але для Беларусі яны прыносяць неацэнную карысць для развіцця грамадзянскай супольнасці», — падкрэсліў палітык.
Паводле Рымашэўскага, беларуская ўлада імкнецца да мадэлі падпарадкавання рэлігійнага жыцця, падобнай да той, што выкарыстоўваецца сёння ў Расеі:
«У Савецкім Саюзе цэрквы ўспрымалі як ворагаў, і задача ўлады была іх знішчыць. А ў нацысцкай Нямеччыне задача была падпарадкаваць цэрквы і зрабіць іх рэтранслятарам дзяржаўнай прапаганды. І тое ж самае зараз робіць Крэмль. У Беларусі сітуацыя пакуль іншая, але ўлады робяць усё, каб незалежная царква ў Беларусі была знішчаная», — заявіў Віталь Рымашэўскі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя нагадвае, што рэлігійная свабода — гэта не толькі права на веру, але і аснова грамадзянскай супольнасці, асабліва ва ўмовах рэпрэсій. Мы заклікаем міжнародную супольнасць, медыя і дэмакратычныя сілы не ігнараваць сістэмную зачыстку рэлігійных ініцыятыў у Беларусі і салідарызавацца з усімі, хто церпіць пераслед па рэлігійных матывах.
📌 Поўны артыкул з каментарыямі даступны на сайце «Белсат»:
https://belsat.eu/87622010/zaczystka-relihii