У дзень салідарнасьці жанчыны ля чырвонага касьцёла маліліся ў бел-чырвона-белых шаліках

17 сакавіка 2011 11:02  |  Навіны

16 сакавіка ў дзень беларускай салідарнасьці з палітвязьнямі і ўсімі пацярпелымі ад беларускага рэжыму на штодзённай малітве за палітзьняволеных каля Чырвонага касьцела ў Менску жанчыны апранулі бел-чырвона-белыя шалікі.

Каардынатарка ініцыятывы штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касьцёла “Нельга забыць”, сябра аргкамітэту БХД Ганна Шапуцька распавяла, што бел-чырвона-белыя шалікі ёсьць сымбалем салідарнасьці з палітвязьнямі:

“На Кубе есьць жаночы рух “Жанчыны ў белым”, калі маці, сёстры, жонкі і сяброўкі палітзьняволеных апранаюць белае адзеньне і выходзяць на вуліцы гарадоў, каб выказаць падтрымку палітвязьням і інфармаваць насельніцтва пра тое, што у краіне ў турмах сядзяць непавінныя ахвяры рэжыму. У нас ёсьць свае нацыянальныя колеры, таму нашыя беларускія жанчыны вырашылі выказаць сваю падтрымку палітычным вязьням, накінуўшы ў час малітвы бел-чырвона-белыя шалікі.”

Яна заклікала родных, знаёмых, сябровак палітвязьняў далучацца да гэтага жаночага руху: “Мы штодня будзем маліцца ў гэтых шаліках колераў Цела і Крыві Хрыста. Далучайцеся. Будьма салідарнымі!”

Нагадаем, ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касьцёла, якая атрымала назву “Нельга забыць”, узьнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасьці з арыштаванымі і пацярпелымі пасьля падзеяў Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне тут зьбіраюцца людзі са сьвечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязьняў, сьпяваюць і моляцца, запальваюць зьнічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла, які сымбалізуе перамогу дабра над злом, сьвятла над цемрай, праўды над страхам і хлусьнёй. 

 

У дзень салідарнасьці жанчыны ля чырвонага касьцёла маліліся ў бел-чырвона-белых шаліках

У дзень салідарнасьці жанчыны ля чырвонага касьцёла маліліся ў бел-чырвона-белых шаліках

У дзень салідарнасьці жанчыны ля чырвонага касьцёла маліліся ў бел-чырвона-белых шаліках

Болей навін