Адказ уладаў на дапамогу – у пацыентаў БАТБ правялі “шмон” і канфіскавалі рэчы

30 снежня 2011 19:54  |  Грамадства

Адміністрацыя Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю ў адказ на дапамогу, якую пацыентам лякарні аказалі актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, “Гавары праўду!” і віцебскія прадпрымальнікі, правяла “агульны шмон” у псіхіятрычным аддзяленні.

 

Падчас яго ў пацыентаў былі сканфіскаваныя мабільныя тэлефоны, асадкі, блакноты, папера і гэтак далей. Актывісту БХД Валеру Ганчарэнку, які раскрыў грамадству сітуацыю ў шпіталі, узмоцнена коляць заспакойлівыя прсіхатропныя рэчывы. Пра гэта паведамілі пацыенты шпіталю.

 

Паводле іх словаў, Валер Ганчарэнка прасіў правесці ў дачыненні да яго незалежную псіхіятрычную экспертызу ці перавесці яго ў іншы шпіталь.

 

Хворыя шпіталю перадавалі словы падзякі ўсім тым, хто ім дапамог. Яны адзначылі, ўто дапамогу атрымалі вельмі шмат людзей. Валер Ганчарэнка перадаваў, што моліцца за віцебскіх актывістаў.

 

Нагадаем, што інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “бязвінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Па яго словах, ён не можа больш існаваць у такіх умовах.

 

12 снежня ён абвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне. 28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева. 

Болей навін