Сяргею Каваленку далі чатыры базавыя і пакінулі ў СІЗА

12 студзеня 2012 16:11  |  Палітыка

Актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленку Першамайскі суд Віцебска 12 студзеня прызнаў вінаватым у лаянцы і пакараў яго штрафам у памеры чатырох базавых велічынь. Пра гэта прэсавай службе БХД паведаміла віцебская абласная каардынатарка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Тацяна Севярынец, якая прыйшла ў суд, каб падтрымаць актывіста.

 

Яна адзначыла, што сведкі, як начальніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі Зоя Васілеўна Хлыстова, гэтак і яе падначаленыя, ў сваіх паказаннях блыталіся і супярэчылі адно адному. У прыватнасці, адрозніваліся паказанні таго, дзе і калі “нібыта” лаяўся Сяргей Каваленка.

 

Падчас паседжання да актывіста двойчы выклікалі медыкаў. У першы раз гэта прапанавалва зрабіць суддзя Іванова, але тады лекары, сказаўшы дрыгучым голасам, што з палітвязнем усё добра, хутчэй уцяклі з суду. Пры гэтым яны хаваліся ад фота- і вдэакамераў і не называлі свае імёны.

 

Другі раз да актывіста выклікалі лекараў, якія паведамілі, што стан здароўя падсуднага пагоршыўся. Па словах самога Сяргея Каваленкі, які 25 дзён трымае галадоўку ў СІЗА, яму баліць сэрца і кружыцца галава. “Выглядае ён схуднелым. Твар у яго шэры. Тым не менш Сяргей паводзіў сябе годна, выкрыкваў “Слава нацыі!”. У адказ мы яму крычалі “Жыве Беларусь!””, – адзначыла Тацяна Севярынец.

 

Паводле яе словаў, на паседжанне прыйшло шмат людзей. Некаторым нават не хапіла месцаў. Таксама супрацоўнікі прынеслі дзве лавы, каб маглі сесці тыя, каму не хапала месцаў.

 

Абласная каардынатарка БХД паведаміла, што падчас перапынку міліцыянты затрымалі трох хлопцаў, што прысутнічалі на паседжанні, за тое, што яны перайшлі дарогу ў недазволеным месцы. Затрыманых адвезлі ў РАУС. Хто яны такія і ці адпусцілі іх, Тацяна Севярынец не ведае. Таксама была спыненая таксоўка, у якой падчас перапынка скіравалася дадому, каб пакарміць дзіця, жонка Сяргея Каваленкі. Прычына спынення – непрышпіленыя пасажыры на заднім крэсле.

 

“Першапачатковае клапатлівае стаўленне суддзі ў рэшце рэшт змянілася звярыным аскалам”, – адзначыла Тацяна Севярынец.

 

Таксама сёння стала вядома, што ў СІЗА Сяргея Каваленку змясцілі ў карцар. Прычыны гэтага невядомыя.

 

У выніку абвінаваўчага прысуду актывіст можа быць зняволены на тры гады, стаўшы такім чынам чарговым беларускім палітвязнем. Зараз ён знаходзіцца ў следчым ізалятары, куды быў змешчаны, пакуль ідзе следства па крымінальнай справе паводле артыкула 415 “Ухіленне ад адбывання пакарання”.  З лета 2010 года Сяргей Каваленка знаходзіцца на “хатняй хіміі” за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы. Парушэнні рэжыму – гэта вяртанне  дахаты пазней вызначанага часу, а таксама некалькі адміністрацыйных справаў, распачатых супраць Каваленкі падчас яго ўмоўнага пакарання.

Болей навін