Дзяніс Садоўскі: Мінюст узяў тайм-аўт, каб знайсці прычыны для нерэгістрацыі БХД
Улады ўзмацнілі ціск на заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) з мэтай прымусіць іх адклікаць свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі партыі, заявіў 13 студзеня на прэс-канферэнцыі адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, перадае БелаПАН.
Паводле яго слоў, у апошні час зафіксавана больш за 20 пацверджаных фактаў ціску на актывістаў з тым, каб яны адклікалі свае подпісы пад устаноўчымі дакументамі БХД. “Усе званкі, усе пагрозы зыходзяць не з Міністэрства юстыцыі, а ад мясцовай адміністрацыі, мясцовых супрацоўнікаў міліцыі і адміністрацыі прадпрыемстваў, на якіх людзі працуюць, супрацоўнікаў КДБ. Людзям кажуць, што калі яны не выйдуць з заснавальнікаў БХД, то яны страцяць працу альбо вучобу, з імі не падоўжаць працоўныя кантракты, і гэтак далей”, – сказаў Садоўскі.
Ён паведаміў, што такія выпадкі зафіксаваныя ў Мінску, у Мёрах (Віцебская вобласць), у Нароўлі (Гомельская вобласць).
“Паміж тым, не зафіксавана ні аднаго тэставага званка з Мінюста, які быццам бы правярае дакументы. А ўсе астатнія органы ўлады задзейнічаны для таго, каб Мінюст атрымаў падставы для адмовы ў рэгістрацыі партыі”, – лічыць Садоўскі.
Ён таксама заявіў, што ціск і «прафілактычныя гутаркі» з заснавальнікамі БХД працягнуліся нават пасля таго, як Мінюст на месяц прыпыніў працэс рэгістрацыі партыі. «Гэта значыць, што ў Мінюста няма ніякіх падставаў, каб не рэгістраваць партыю. Таму яны ўзялі своеасаблівы тайм-аўт, каб такія прычыны знайсці любым спосабам». – Сказаў Садоўскі.
Аднак, прадоўжыў ён, ні адзін з заснавальнікаў партыі не адклікаў свой подпіс пад дакументамі, нягледзячы на ціск.
Акрамя таго, пакуль не зафіксавана ні аднаго выпадку звальнення актывістаў БХД з працы або адлічэння іх з навучальных устаноў.
«Мы вельмі адказна падышлі да спісаў актывістаў БХД, пададзеных у Мінюст. Мы іх сур’ёзна вычысьцілі і пакінулі там толькі тых людзей, на якіх націснуць практычна немагчыма. У выніку мы, вядома, з 1300 заснавальнікаў пакінулі 1080, але і гэтага дастаткова, каб зарэгістраваць БХД», – заявіў Садоўскі.