Лідара магілёўскага БХД звальняюць за арганізацыю забастовачнага камітэту (фота)
Адміністрацыя Магілёўскага домабудаўнічага камбінату вырашыла звольніць намесніка кіраўніка магілёўскага гарадскога аргкамітэту БХД Алега Аксёнава. Яму паведамілі, што кантракт, заключаны з ім 17 лютага 2011 года, працягвацца не будзе.
Актывіст звязвае сваё звальненне з дзейнасцю забастовачнага камітэту, які з яго ініцыятывы быў створаны на камбінаце 13 кастрычніка 2011 года і які ён ўзначаліў. Прычынамі стварэння забастовачнага камітэту былі нізкі ўзровень заробкаў, неругулярнасць іх выплатаў (часам затрымкі дасягалі да 10 дзён), нявыдача спецвопраткі, наяўнасць зон, у якіх небяспечна працаваць, і іншае.
Стваральнікі забастовачнага камітэту склалі зварот да адміністрацыі камбінату, які ўключаў 10 пунктаў з патрабаваннямі. “У звароце мы патрабавалі выканання тых нормаў, якія прапісаныя ў заканадаўстве і кантракце. Мы не выходзілі за гэты мінімум”, – адзначыў Алег Аксёнаў.
З яго словаў, законнасць патрабаванняў працоўных прызнала і адміністрацыя камбінату, якая ў сваім адказе назвала канкрэтныя тэрміны выпраўлення на прадпрыемстве праблемаў. Але, як паведаміў сябар БХД, фактычна нічога зменена не было. Разам з тым кіраўніцтва ДБК распачало ціск на сябраў забастовачнага камітэту. Некаторыя з іх былі вымушаныя ўзяць адпачынак за ўласны кошт, а з Алегам Аксёнавым адміністрацыя папросту не працягнула кантракт. Пры гэтым актывіст паведаміў, што ўвесь час працы на прадпрыемстве ў яго не было ніякіх парушэнняў і заўваг.
“У нас з адміністрацыяй была дамова, што мы не будзем распаўсюджваць інфармацыю пра дзейнасць камітэту, калі яны будуць выконваць нашыя патрабаванні. Але паколькі кіраўніцтва камбінату, нічога не робіць, мы таксама лічым сябе вольнымі ад дадзенага пагаднення”, – падкрэсліў Алег Аксёнаў.