Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў: 18–25 студзеня 2012 г.
18–25 студзеня 2012 г. ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Да гэтай малітвы, па добрай традыцыі, далучаецца і Каталіцкая Царква ў Беларусі.
Сёлета тэксты да так званага экуменічнага тыдня ўпершыню падрыхтавалі хрысціяне Польшчы. Яго тэмай сталі словы з Першага Паслання да Карынцянаў — «Перамененыя праз перамогу Ісуса Хрыста».
У межах Тыдня экуменічныя набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій пройдуць у мінскай рымска-каталіцкай архікатэдры і гродзенскім катэдральным касцёле.
У Мінску ў суботу 21 студзеня ў 19:30 (пасля святой Імшы аб 18:30) распачнецца Супольная малітва прадстаўнікоў розных канфесій у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гродзенскай катэдры набажэнства Слова Божага і набажэнства святла адбудзецца 24 студзеня ў 18:30.
Шчыра заахвочваем далучыцца да супольнай малітвы за адзінства хрысціянаў.
Усемагутны Божа, праз Ісуса Хрыста Ты сказаў нам:
хто хоча быць першым, няхай стане апошнім і слугою ўсіх.
Стаім у Тваёй прысутнасці,
ведаючы, што Твая перамога прыйшла праз немач крыжа.
Прыходзім маліцца за адзінства хрысціянаў.
Навучы нас з пакорай прымаць,
што гэтае адзінства з’яўляецца дарам Твайго Духа.
Праз гэты дар перамяні насі ўчыні больш падобнымі да Твайго Сына, Ісуса Хрыста.
Амін.