БХД заклікае аднавіць сацыяльную падтрымку пацярпелых ад Чарнобылю грамадзян (Фота)

25 студзеня 2012 07:57  |  Галоўныя навіны

Нацыянальная Рада аргкамітэту па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя 21 студзеня на сваім паседжанні прыняла заяву па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А напрыканцы паседжання Нацыянальнай Рады БХД адбылася сустрэча суполкі чарнобыльцаў і ліквідатараў БХД, дзе былі абмеркаваныя праблемы былых ліквідатараў ЧАЭС і жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў Беларусі. Адбыліся прагляд і абмеркаванне фільма “Ліквідацыя ліквідатараў”.

 

Заява

працоўнай групы па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС

 

 

Суйчыннікі, браты і сёстры! Чарнобыльская атамная катастрофа 1986 г. – гэта нішто іншае, як злачынства, учыненае камуністычнымі ўладамі. Шырокавядомы факт, што пуск першага энергаблока ЧАЭС у 1970 г. быў прымеркаваны да стагоддзя Леніна. У 2016-2017 гг. рэжым Лукашэнкі плануе запусціць першы і другі энергаблокі Беларускай АЭС. Злавесным выглядае факт, што гэта будзе 100-годдзе Кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту. Будаўніцтва АЭС у Беларусі – гэта парушэнне правоў цэлага народа.

 

Да гэтага часу рэжым Лукашэнкі ўтойвае інфармацыю пра сапраўдныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Звыш за 10 тысяч беларусаў, у тым ліку і дзеці, з’яўляюцца інвалідамі Чарнобыля. Але гэтая лічба відавочна заніжаная, бо сённяшнія беларускія ўлады зрабілі дзяржаўнай палітыкай непрызнанне сувязі паміж цяжкімі захворваннямі і нават смерцю чалавека і яго прыбываннем у Чарнобылі ці пражываннем на забруджанай тэрыторыі. Фактычна, дзяржава Беларусь эканоміць грошы на здароўі і заганяе ў магілу людзей, якія абаранілі нас ад атамнага пекла.

 

У параўнанні з суседнімі Украінай і Расіяй наша краіна мае найгоршае заканадаўства па праблеме чарнобыльскіх ліквідатараў. Напрыклад, ва Украіне, якая атрымала значную меншую частку радыёактыўнага забружвання, чым Беларусь, колькасць інвалідаў Чарнобыля складае 75 тысяч чалавек. Больш шырокі там і спіс чарнобыльскіх захворванняў, якія даюць падставу для атрымання чарнобыльскай пенсіі. І калі ў Беларусі большасць ліквідатараў атрымліваюць ад 360 да 700 тысяч рублёў, то ў Расіі гэтыя ж выплаты складаюць каля 600$ у эквіваленце.

 

Партыя БХД лічыць патрэбным:

  1. Аднавіць Закон РБ 1991 г. “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС”.
  2. Прыняць Закон РБ “Аб матэрыяльнай кампенсацыі народу Беларусі ў выніку катастрофы на ЧАЭС”.
  3. Вярнуць Беларусь у прававое рэчышча і спыніць пераслед апазіцыйных палітычных партый і іншых структур.
  4. Аб’яднаць намаганні ўсіх палітычных суб’ектаў, грамадзянскай супольнасці і неабыякавых грамадзян для пераадолення цяжкіх наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а не абмяжоўвацца толькі “Чарнобыльскі шляхам”.
  5. Лічыць 26 красавіка днём Нацыянальнай трагедыі.

БХД заклікае аднавіць сацыяльную падтрымку пацярпелых ад Чарнобылю грамадзян (Фота)БХД заклікае аднавіць сацыяльную падтрымку пацярпелых ад Чарнобылю грамадзян (Фота)БХД заклікае аднавіць сацыяльную падтрымку пацярпелых ад Чарнобылю грамадзян (Фота)БХД заклікае аднавіць сацыяльную падтрымку пацярпелых ад Чарнобылю грамадзян (Фота)

 

 

Болей навін