Старшыня рагачоўскага райвыканкаму вінаваціць каардынатара БХД у паклёпе
Старшыня Рагачоўскага райвыканкаму Віктар Банчук вінаваціць мясцовага каардынатара Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Дзяніса Дашкевіча ў паклёпе. У сувязіі з гэтым да яго завіталі супрацоўнікі міліцыі.
“Як растлумачылі супрацоўнікі міліцыі, галоўнай мэтай візіту было паглядзець, ці не вяду я амаральны лад жыцця, бо я неаднаразова прыцягваўся за адміністрацыйныя правапарушэнні, у прыватнасці за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу. Тут я даведаўся, што аказваецца стаю на нейкім ўліку, і зараз мяне будуць пастаянна правяраць, як нядобранадзейнага элемента”, – адзначыў актывіст.
“Потым пачаўся самы сапраўдны спектакль. Супрацоўнік рагачоўскага РАУС Кучараў Сяргей Рыгоравіч (пры гэтым другі супрацоўнік ўсміхаўся, я думаю ўсім зразумела чаму) сказаў, што ад нейкага грамадзяніна Банчука В.Л. паступіла заява, з просьбай разабрацца з адміністрацыяй сайта vrogacheve.ru, за распаўсюд інфармацыі аб тым, што нібыта ён, народна каханы, ездзіў п’яны за рулём. Банчук папрасіў міліцыю прыцягнуць мяне за гэта да адказнасці. На маё пытанне, з чаго ён наогул узяў, што я з’яўляюся адміністратарам сайта, міліцыянт адказаў вычарпальна: “Мы не ведаем, і гэта наогул не нашы пытанні!”. Далей, таксама цікава, калі я спытаў, а калі на сайце з’явіцца артыкул, дзе В.Банчук абражае да прыкладу В.Іванова і ён падасць заяву, ці будзе яна разглядацца? “Ну гэта ўжо на меркаванне нашых супрацоўнікаў”, сказаў ён”, – паведаміў Дзяніс Дашкевіч.
Пры гэтым заснавальнікі сайта знаходзяцца на тэрыторыі Расіі, а ў горадзе хапае іншых праблем, якія неабходна вырашаць: музычная школа ў Рагачове будавалася 15 гадоў, на СХТ часцяком знікае вада, аўтобусы ездзяць не па раскладзе і гэтак далей.