Улады адмовіліся выпусціць Сяргея Каваленку пад заклад
Адвакат палітвязня Сяргея Каваленкі і яго жонка атрымалі афіцыйныя адмовы выпусціць яго пад заклад да суду. Пра гэта паведаміла каардынатарка віцебскага абласного аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Тацяна Севярынец.
Паводле яе словаў, справа Сяргея Каваленкі ўжо перададзеная ў Першамайскі суд Віцебска. Суддзей прызначана Жук.
“Разам з тым адвакат сказаў, што суд пачнецца не раней, чым праз некалькі тыдняў”, – адзначыла Тацяна Севярынец.
Нагадаем, што Сяргей Каваленка знаходзіцца ў следчым ізалятары, куды быў змешчаны, пакуль ідзе следства па крымінальнай справе паводле артыкула 415 “Ухіленне ад адбывання пакарання”. З лета 2010 года Сяргей Каваленка знаходзіцца на “хатняй хіміі” за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы. Парушэнні рэжыму – гэта вяртанне дахаты пазней вызначанага часу, а таксама некалькі адміністрацыйных справаў, распачатых супраць Каваленкі падчас яго ўмоўнага пакарання. Увесь час знаходжання ў СІЗА актывіст трымае галадоўку.