Ганна Шапуцька: Нават БТ прызнае, што ў турмах жывуць не паводле законаў (відэа)

02 лютага 2012 07:30  |  Палітыка

Каардынацыйная група “За волю” распачала кампанію “Грамадскі трыбунал” у дачыненні да чыноўнікаў, вінаватых у катаваннях палітзняволеных. Пра гэта заявіла 1 лютага ў Мінску на пасяджэнні групы яе актывістка Ганна Шапуцька.

“Па турмах і калоніях раскіданы нашы найлепшыя людзі. А грамадства не ведае, што рабіць. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму гвалту, пакуль ізноў, як 75 гадоў таму, дзе-небудзь у лесе тэрыторыю не ачапілі калючым дротам і не пачалі расстрэльваць там невінаватых людзей”, — сказала Шапуцька.

Паводле яе слоў, члены каардынацыйнай групы маюць намер звярнуцца да генеральнага пракурора з патрабаваннем спыніць катаванні ў турмах. “Гэты зварот — практычна абвінавачанне, бо трыбунал не можа быць без абвінавачанняў. Гонар чалавека ахоўваецца дзяржавай, згодна з беларускім і міжнародным правам, нішто не можа быць прычынай для знявагі. Ніхто не павінен быць катаваны, зведваць гвалт ці зневажальнае абыходжанне або пакаранне”, — заявіла Шапуцька.

Яна спаслалася на сюжэт Першага канала Беларускага тэлебачання, у якім палітзняволеных Дзмітрыя Дашкевіча і Андрэя Саннікава назвалі злачынцамі, “ужываючы ў дачыненні да іх крымінальны жаргон: “малява”, “зона”, прэс-хата”, “апушчаныя”, “паласнуліся” і гэтак далей. “Гэта ўжо само па сабе з’яўляецца катаваннем, як знявага чалавечай годнасці”, — лічыць Шапуцька.

“Узнікае пытанне: за што атрымліваюць зарплату тысячы чыноўнікаў, якія знаходзяцца ў сістэме папраўчых устаноў, калі нават БТ прызнае, што ў месцах пазбаўлення волі жывуць не паводле законаў, а “па паняццях”?” — запытала актывістка.

“Мы патрабуем неадкладна спыніць катаванні ў турмах Беларусі, забяспечыць нармальныя ўмовы ўсім зняволеным, у тым ліку Саннікаву, Дашкевічу, Статкевічу, Аўтуховічу, Аліневічу, Дзядку, Васьковічу і іншым, знайсці вінаватых у катаваннях і пацвердзіць ці аспрэчыць факты катаванняў, агучаных дзяржаўным тэлебачаннем”, — заявіла Шапуцька.

Акрамя таго, ад Генпракуратуры актывісты запатрабуюць правесці праверку па выкладзеных фактах, прыцягнуць да адказнасці кіраўніцтва дэпартамента выканання пакаранняў, тэлеканал “Беларусь-1”. Прадстаўнікі каардынацыйнай групы маюць намер дамагацца доступу прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый у месцы пазбаўлення волі, у тым ліку ў СІЗА, ізалятары часовага ўтрымання, як таго патрабуе Канвенцыя ААН супраць катаванняў.


Болей навін