Павал Севярынец: Беларусь ператвараецца ў ціхі омут, дзе чэрці водзяцца

08 лютага 2012 11:12  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец пракаментаваў інфармацыю СМІ пра тое, што былы кыргызскі дыктатар Курманбек Бакіеў ужо больш за паўтары гады з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і набыў да таго ж за 2 мілёны даляраў дом на ўскрайку Менска.

 

“За сённяшнім рэжымам Беларусь ператвараецца ў адстойнік для былых дыктатараў. Лукашэнка абараняе Чавэса, Ахмадынежада, Кастра, Асада, у выніку чаго атрымліваецца, што ў самым цэнтры Еўропы ствараецца той самы ціхі омут, у якім чэрці водзяцца. Для народаў Сірыі, Кыргызстану, Венесуэлы, Ірану і Кубы Беларусь цяпер – змрочная чорная дзіра на мапе. Гэта кепска. Чаму так робіцца – пытанне рытарычнае”, – адзначыў ён.

 

“Такое балотца для былых тыранаў ніяк не адпавядае вобразу светлай, узнёслай, духовай краіны пад сцягам Хрыста”, – падкрэсліў Павал Севярынец.

Болей навін