“У капцюрох ГПУ”: затрыманыя удзельнікі “Літвінскага клубу” (абноўлена)

08 лютага 2012 18:11  |  Галоўныя навіны

АМАП уварваўся на паседжанне “Ліцьвінскага клюбу”, прысвечанае 75-годздзю беларускамоўнай публікацыі твору
Францішка Аляхновіча“У кіпцюрох ГПУ”. Паводле інфармацыі адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага, колькасць затрыманых складае каля 40 чалавек.

22:20 З РАУС працягваюць без тлумачэнняў выпускаць затрыманых. Пры гэтым асобаў, якія іх сустракалі, у прысутнасці кіраўніка менскай міліцыі Яўсеева здымалі на відэакамеру. Ім таксама заяўлялі, што іх знаходжанне каля РАУС можа быць расцэнена як несанкцыянаваны сход. Пра гэта паведаміў Віталь Рымашэўскі, які адвозіць затрыманых да бліжэйшай станцыі метро.

 

21:50 Затрыманых пачалі выпускаць. Ужо выпушчаныя першыя трое чалавек. Пра гэта паведаміў прысутны ў Маскоўскім РАУС Віталь Рымашэўскі. Затрыманых пратрымалі ў актавай залі, дзе перапісалі іх дадзеныя. Пасля гэтага іх без якіхсьці тлумачэнняў пачалі вупускаць. Зараз вызваленыя збіраюцца пісаць масавую скаргу на затрыманне. “Пры гэтым дзяжурны дагэтуль адмаўляецца, што затрыманых прывозілі ў РАУС. І гэта пры тым, што ўжо выйшлі трое чалавек”, – сказаў сустаршыня БХД. Ён адзначыў, што спецназ пабіў усе вокны у памяшканні дома, нягледзячы на тое, што дзверы ў ім не былі замкнёныя.

 

Паводле інфармацыі сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, затрыманне адбылося каля 19-й гадзіны. Як стала вядома, нечакана падчас паседжання клубу спецназаўцы пачалі біць шкло ў прыватным доме па адрасе 3-і Загарадны завулак, 11, дзе адбывалася паседжанне. Прычым шкло яны білі ў дзіцячым пакоі. Толькі цудам дзеці не пацярпелі. Былі затрыманыя ўсе, апроч дзяцей гаспадароў дому і іх маці. Усіх затрыманых пагрузілі ў аўтобус і павезлі ў РАУС Маскоўскага раёна. Ім спрабуюць інкрымінаваць распаўсюд наркотыкаў. Калі інфармацыя пра наркотыкі не пацвердзіцца, іх абяцалі выпусціць праз дзве гадзіны. Зараз тэлефоны затрыманых не адказваюць, сувязі з імі няма.

 

Сярод затрыманых таксама Зміцер Хведарук. Каля дому, дзе праходзіла паседжанне, зараз знаходзяцца тры аўтобусы са спецназам.

 

Віталь Рымашэўскі заклікаў журналістаў і грамадскіх актывістаў арганізаваць дапамогу затрыманым. “Такім чынам мы бачым чарговае шаленства ўладаў напярэдадні выбараў”, – адзначыў ён.

 

Віталь Рымашэўскі ўжо прыбыў у Маскоўскі РАУС. Там таксама знаходзяцца Наста Палажанка і Барыс Гарэцкі. Паводле словаў сустаршыні БХД, мінакі бачылі як з чырвонага аўтобусу “МАЗ” у РАУС вывелі каля 40 чалавек. Аднак дзяжурны паведаміў, што не ведае ні пра ніякае затрыманне і што нікога ў РАУС не прывозілі. “Калі верыць яму, то атрымліваецца, што затрыманыя зніклі. Магчыма, што дзяжурны хлусіць, альбо тыя, хто кіраваў затрыманнем, не палічылі нават мэтазгодным паведаміць яму пра гэта”, – адзначыў ён, дадаўшы, што зараз піша скаргу на імя начальніка Маскоўскага РАУС.

 

Сёння ў “Ліцьвінскім клюбе” плянавалася абмеркаванне кнігі Францішка Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ”. “Магчыма, рэжым, які ставіць помнікі Сталіну і Дзяржынскаму – катам беларускага народу, расцаніў гэта як асабістую абразу”, – падкрэсліў ён.

 

Ліцьвінcкі клюб – культурніцкая суполка патрыятычнай моладзі, якая існуе пры евангельскай царкве “Ян Прадвеснік” ўжо больш за пяць гадоў. ” Гэта – дыcкycійныя мoлaдзeвыя cycтpэчы, дзe мы yжo пяць год aбмяpкoўвaeм poзныя тэндэнцыі, гіcтapычныя пaдзeі, глядзім фільмы і тэaтpaльныя пacтaнoвы і шмaт шмaт ycягo іншaгa… Для удзелу нічога не патрабуецца апроч таго, каб толькі прыйсці”, – гаворыцца на афіцыйнай старонцы клубу ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. Паседжанні клубу праходзяць штосераду ў доме пастара царквы Антонія Бокуна на Загарадным завулку..

Болей навін