7 красавіка дзень памяці выбітнай беларускай паэткі-хрысьціянкі Ларысы Геніюш (верш)
На сёньня 7 красавіка, калі праваслаўныя беларусы сьвяткуюць Дабравесьце найсьвятой Багародзіцы, адно з 12 галоўных царкоўных сьвятаў, а каталікі і пратэстанты рыхтуюцца сустрэць самае галоўнае хрысьціянскае сьвята Вялікадня, прыпадае дзень памяці выбітнай беларускай паэткі, патрыёткі, пакутніцы ГУЛАГу і шчырай хрысьціянкі Ларысы Геніюш. У гэты дзень у 1983 годзе яна адышла да Госпада.
Больш за паўстагодзьдзі таму Ларыса Геніюш у савецкім ГУЛАГу, натхнёная вялікім Сьвятам Уваскрасеньня Хрыстовага, прысьвячала свае вершы роднай Беларусі. Сёньня гэтыя вершы як ніколі пранізьліва адгукаюцца надзеяй у сэрцы кожнага сапраўднага беларуса.
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
і сьвет прачнуўся
вясной на гольлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос!
Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьці, і для нас.
Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсьне наша Беларусь!
Ларыса Геніюш (1954)
Зраніцы 7 красавіка у Сьвята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Менска адбылася традыцыйная паніхіда ў памяць Ларысы Геніюш, а таксама іншага шчырага беларуса-хрысьціяніна, сусьветна вядомага гісторыка царквы протапрасьвітара Віталя Баравога.
Ужо стала традыцыйным штогадовае малітоўнае памінаньне памяці гэтых славутых беларускіх дзеячаў у менскім Петра-Паўлаўскім саборы. Абодва яны адышлі да Госпада ў сьвяты дзень Дабравесьця — дзень, які апяваецца як “пачатак нашага збаўленьня”. Таму асаблівая малітва ў гэты дзень узносіцца іх, якія прыклалі ўсе свае намаганьні дзеля таго, каб і шлях нашага народа быў шляхам да Бога, шляхам да збаўленьня.