Актывіста БХД Яўгена Гуцалава будуць судзіць
Яўгена Гуцалава затрымалі 18 верасьня на ўчастку № 71 Віцебскай-Кастрычніцкай акругі. Пасля допыту ў міліцыі хлопца адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
Гуцалава вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага пікету. Але за што канкрэтна — не вядома: апошнімі днямі ў Віцебску адбыліся некалькі акцый, у тым ліку за байкот выбараў.
Суд над Яўгенам Гуцалавым мае адбыцца ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску. Але час працэсу не вядомы: сьпярша актывіст мусіць сустрэцца з адвакатам і пазнаёміцца з матэрыяламі справы.
Позна ўвечары з Кастрычніцкага РАУС, куды хлопца адвезьлі на допыт, перадалі ягоную просьбу знайсьці адваката. Сваякі затрыманага перадалі ў ІЧУ цёплыя рэчы.
«Учора перадалі і адзеньне, і гігіенічныя прылады, і прадукты — пакуль Яўген яшчэ быў у пастарунку. Позна ўвечары праз актывіста Пятра Іванова даведаліся пра просьбу знайсьці адваката, зробім і гэта», — паведамла каардынатарка стваранай Партыі БХД Тацяна Севярынец.