«Малады фронт» і МХД пачалі новы этап барацьбы за вызваленне палітвязняў

20 верасня 2012 15:53  |  Палітыка

Міжнародная арганізацыя “Малады фронт” (Чэхія) і моладзевая структура аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” – “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” (МХД) пачынаюць новую кампанію па вызваленні беларускіх палітвязняў. Пра гэта 20 верасня на прэс-канферэнцыі заявілі лідэр МХД Марына Хоміч і намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікалай Дземідзенка, піша БелаПАН.

 

Мікалай Дземідзенка адзначыў, што вызваленне палітычных зняволеных для гэтых моладзевых арганізацый застаецца асноўнай задачай. “Яны знаходзяцца ў вельмі няпростых умовах, і свабода людзей – гэта першаснае патрабаванне, якое ёсць у нас, і таму ўсе свае намаганні, усю сваю работу мы будзем цяпер накіроўваць на тое, каб падняць тэму палітвязняў у грамадстве”, – заявіў Дземідзенка.

 

“Цяпер, за перадвыбарчымі дэбатамі, пра палітзняволеных як бы забыліся. Мы будзем працягваць казаць, што палітвязні ў нас ёсць, і іх шмат”, – сказаў Дземідзенка.

 

Як паведаміла Марына Хоміч, кампанія стартуе ўжо сёння. “Пасьля 23 верасьня схлыне хваля абмеркаванняў, трэба ці не трэба было апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах ці іх байкатаваць. Праблема палітвязняў зноў павінна стаць асноўнай”, – лічыць Хоміч.

 

Паводле яе слоў, кампанія будзе накіравана на тое, каб “кожны грамадзянін заявіў, што ён выступае за вызваленне палітвязняў”.

 

Як паведаміла Хоміч, у межах кампаніі плануецца збор подпісаў за вызваленне палітвязняў. “Прычым мы патрабуем не толькі вызвалення палітвязняў, але і поўнай рэабілітацыі тых, хто быў асуджаны па палітычных матывах”, – адзначыла Хоміч.

 

Галоўная мэта кампаніі — данесьці да кожнага беларуса праўдзівую інфармацыю пра беларускіх палітвязьняў, зьяднаць беларускае грамадзтва ў акцыях салідарнасьці, праз гэтыя дзеяньні — дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня судовага перасьледу за палітычныя перакананьні, перадае Радыё Свабода.

Ад сёньняшняга дня свой подпіс за вызваленьне палітзьняволеных можна паставіць праз інтэрнэт:www.belarusfree.info

Пэтыцыя ў падтрымку палітвязьняў будзе мець юрыдычную сілу, і беларускія органы дзяржаўнай улады будуць абавязаныя даць афіцыйны адказ, мяркуюць ініцыятары кампаніі.

Болей навін