БХД патрабуе ад Белтэлерадыёкампаніі прадаставіць эфірны час для выступу
Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя звярнуліся да кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва канала “Беларусь-ТВ” па факце выхаду ў эфір перадачы “Панорама недели” канала “Беларусь-ТВ”, 27.09.2009.г
“У перадачы “Панорама недели” былі змешчаны матэрыялы, якія насілі неабгрунтаваны, паклёпніцкі характар, утрымлівалі хлусню і скажоную інфармацыю аб сябрах аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, груба абражалі гонар і годнасць заснавальнікаў партыі, уводзілі ў зман грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляліся гледачамі дадзенай перадачы.
У перадачы мела месца фальсіфікацыя выказванняў людзей, ў каторых журналісты БТ бралі інтэрв’ю. Абгрунтаванні паклёпніцкіх выказванняў вядучага грунтаваліся, у асноўным на спасылках на сумнеўныя інтэрнэт-артыкулы малавядомых аўтараў альбо ананімных выказваннях інтэрнэт-карыстальнікаў”, – гаворыцца у звароце.
На падставе арт. 42, 43, 44 Закона аб сродках масавай інфармацыі, прадстаўнікі аргкамітэту патрабуюць ад Кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва канала “Беларусь-ТВ” абвяржэння усіх згаданых у рэпартажы фактаў, якія носяць паклёпніцкі характар, утрымліваюць хлусню і скажоную інфармацыю аб сябрах аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, груба абражаюць гонар і годнасць заснавальнікаў партыі, уводзяць у зман грамадзян Рэспублікі Беларусь і патрабуюць выхаду ў эфір абвяргаючага матэр’ялу ў той жа эфірны час, на тым жа канале.
“Мы патрабуем ад кіраўніцтва кампаніі прадставіць сустаршыням аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму, імёны якіх былі агучаны у згаданай вышэй перадачы, эфірнага часу для выступу, у якім ім будзе прадастаўлена магчымасць праінфармаваць грамадзян Рэспублікі Беларусь аб дзейнасці аргкамітэта, мэтах і задачах ствараемай партыі.” – адзначаецца у звароце.
Зварот падпісалі сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, імены якіх былі агучаныя у згаданай вышэй перадачы.