У Санкт-Пецярбургу адзначылі Дзень Волі
Канцэртам Аляксандра Памідорава і вечарынай з беларускімі прысмакамі адзначыў клуб “Беларусы Пецярбургу” 95-я ўгодкі абвяшчэнняБеларуская Народнай Рэспублікі.
Святкаваць пачалі яшчэ ў пятніцу, 22 сакавіка. У гэты дзень у клубе “Манхэттан” адбыўся сумесны канцэрт караля беларускай рок-музыкіАлександра Памідорава і піцерскага рок-бардаАляксандра Чарнецкага. Памідораў выканаў шэраг песен на расейскай, беларускай ды габрэйскай мовах: “Снайпер на даху”, “Быць беларусам”, пераклад песні Боба Марлі “Давай, уставай!”, пра у нескладовае ды іншыя. Атмасфера ў клубе панавала вельмі цеплая, сардэчная. Ня ўсе прысутныя расейцы разумелі па-беларуску, тым ня меньш яны ахвотна падцягвалі некаторыя песні.
Некаторыя з песняў аказаліся сугучныя з цяперашняй сітуацыяй у Расеі. Як і ў Беларусі зараз у Расеі з’явіліся палітвязні, людзі пратэстуюць супраць несумленных выбараў. “Тое што адбываецца ў Расеі, у Беларусі ўжо было. Магу прадказаць, што будзе тут у хуткім часе”, — пажартаваў спявак.
На наступны дзень, 23 сакавіка, святкаванне працягнулася ў бары “Свабода”. Тут ужо чакалі прывезеныя з Менску сала ды гарэлка. Беларускі квас набывалі ў мясцовай краме. Добра, што крамаў з беларускімі прадуктамі тут удосталь. Актывістка клубу “Беларусы Пецярбургу” Святлана Гаўрыліна частавала ўсіх сапраўднымі беларускімі дранікамі ўласнага прыгатаўлення. Пакаштаваць беларускую кухню прышло больш за 40 чалавек: беларускія студэнты з піцерскіх ВНУ, тыя, хто з’ехаў з Беларусі па палітычных ці эканамічных абставінах.
Павіншаваць беларусаў са святам прышлі і ўдзельнікі руху “Інгрыя”. Нагадаем, як і БНР, незалежная Паўночная Рэспубліка Інгрыя паўстала на Карэльскім перасмыку ў выніку развала Расейскай Імперыі. Дзяржаўнасць Паўночнай Інгрыі існавала з ліпеня па 1919 г. па снежань 1920 г. За даволі кароткі тэрмін свайго існавання Інгрыя набыла ўсе атрыбуты дзяржаўнасці: ўласныя герб, сцяг, гімн, армію, флот і нават суд ды пошту.
Да свята таксама далучыліся і пецярбуржцы, якія завіталі ў бар адразу пасля мітынгу за вызваленне палітвязняў, што аказаліся за кратамі пасля массывых пратэстаў ў мінулым годзе супраць нячэсных выбараў.
З прывітальнымі словамі выступіў каардынатар па знешніх сувязях клуба, палітолаг Дзяніс Васільеў. Ён нагадаў, у якіх умовах нараджалася БНР. “Атрыманне Беларуссю незалежнасці ў пачатку 90-х – гэта працяг той барацьбы, якая распачалася ў 1918 годзе”, — адзначыў ён. Дзяніс таксама падкрэсліў, што клуб “Беларусы Пецярбургу” мусіць стаць ядром, што аб’ядноўвае беларусаў, асабліва беларускую моладзь, для захавання нацыянальнай культуры, традыцый і самаідэнтыфікацыі, а таксама для падтрымання сувязаў з Радзімай. “Трэба аб’ядноўвацца, каб разам адстойваць свае правы ў межах прававого поля, арганізоўваць самадапамогу, падтрымліваць нацыянальныя сымбалі – герб “Пагоню”, бел-чырвана-белы сцяг, гімн, беларускую мову, гісторыю, адным словам усё, што складае нацыянальную памяць народа. Наша мэта стварыць у Пецярбурзе малую радзіму, каб дапамагаць усім, хто тут апынуўся, а таксама дапамагаць развівацца самой Бералусі, якая абвесціла сваю незалежнасць 25 сакавіка 1918 года”, — падкрэсліў Дзяніс.
Маргарыта Пярова рассказала аб Радзе БНР і братах Луцкевічах, што стаялі ў яе вытокаў. Расказала яна і пра навукоўца, аўтара шматлікіх прац па гісторыі Беларусі, стваральніка і нязменнага старшыню Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянціна Грыцкевіча, які памер на начатку сакавіка гэтага года.
Удзельнікі свята паглядзелі фільм Юрыя Хашчавацкага “Дзень Волі” і разам з Аляксандрам Памідоравам праспявалі беларускія песні. Скончылася сустрэча агульным фатаграфаваннем на пасарэбраныя пласціны старэнькай фотакамеры 40-х гадоў. Такім чанам піцерскія беларусы нібыта зафіксавалі свою еднасць з гісторыяй Радзімы. На такія пласціны ў ХІХ стагоддзі рабілі здымкі сасланых у Сібір паўстанцаў 1863 года.
Наступная сустрэча клуба “Беларусы Пецярбурга” запланавана на 7 красавіка. Ў гэты дзень гаворка пойдзе пра жыццё і творчасць геніяльнай беларускай паэткі Ларысы Гэніюш. Сёлета спаўняецца 30 год з дня яе смерці.