Беларусы ў Варшаве адкрылі “Школу практычнай палітыкі”

05 красавіка 2013 09:26  |  Свет

Цяпер плануецца шэраг адкрытых лекцый, якія будуць праводзіць не проста прафесары з акадэмічнымі ведамі, што набылі свае веды з кніжак, а практыкі, якія ўдзельнічалі ў эканамічных зменах і самі рабілі рэформы.

 

Першую сустрэчу праводзіў аташэ па пытаннях культуры амбасады ЗША ў Польшчы Фрэнк Штурм, які закрануў тэму «Грамадзянін як актывіст у ЗША». Па словах арганізатара мерапрыемства Анатоля Міхнаўца, па выніках лекцый, з дапамогай атрыманых ведаў, можна будзе эфектыўней вырашаць пастаўленыя перад беларусамі праблемы і пытанні.

 

Анатоль Міхнавец:

– Мы не збіраемся рабіць нейкую новую навучальную ўстанову. Мы хочам зрабіць, не ведаю, ці можна гэта так назваць, – кузніцу кадраў, каб тая актыўная моладзь, якая хоча займацца палітыкай, атрымлівала досвет, магла запытаць парады. І мы разам гуртаваліся б для супольнага дзеяння, бо ўсе кажуць, што ў нас усе раз’яднаныя, спрэчкі, няма адзінства. Я лічу, што справа аб’ядноўвае, словы вельмі часта раз’ядноўваюць. Таму будзем рабіць справы.


“Школа практычнай палітыкі” – гэта адукацыйны праект, накіраваны на падрыхтоўку лідараў грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняй Еўропы. Арганізатар мерапрыемства “Звяз для дэмакратыі ў Беларусі”.

 

Вікторыя Сцяпановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Болей навін