Вынаходнік з Салігорска: заявы Лукашэнкі пра інавацыйныя тэхналогіі – балбатня і брахня
Беларускі вынаходнік, прыхільнік Беларускай Хрысціянская Дэмакратыі Сцяпан Яфімчык з Салігорску, які ў 2003 годзе першым у Беларусі вынайшаў драўляны кішэнны гадзіннік, заяўляе: кіраўнік дзяржавы не збіраецца ўкараняць інавацыйныя тэхналогіі.
У часы працы ў аўтобусным парку Сцяпан Яфімчык настаяў на адкрыцці цэху па рамонце турбін, будучы тады адзіным у горадзе майстрам, які мог іх рамантаваць. Таксама ён распрацаваў устаноўку для атрымання экалагічна чыстага і таннага цепларэсурсу. Пра гэта ён прыкладна год таму напісаў у Адміністрацыю прэзідэнта, адкуль яе перанакіравалі ў камітэту па навуцы і тэхналогіях, а ўжо адтуль у Акадэмію навук. З НАН адказу не прыйшло. Прыехаць на выпрабаванні таксама ніхто не захацеў.
Яшчэ прыкладна два-тры месяцы таму вынаходнік звярнуўся са сваёй новай распрацоўкай у Адміністрацыю прэзідэнта, але адказу адтуль не прыйшло. Паводле яго, калі вынайдзены ім сілавы агрэгат паставіць на аўтобус МАЗ замест рухавіка ўнутранага згарання, то эканамічны эфект паліва можа павысіцца ажно да 40%.
“Я пісаў і на МАЗ пра гэта. Але ў нас нікому нічога не трэба. Я як наіўны хлопчык у свае 60 гадоў наслухаўся, што Лукашэнка па тэлевізары байкі расказвае пра неабходнасць інавацыйных тэхналогій. А ў выніку ўсё гэта балбатня і брахня. Ён кажа, каб укаранялі інавацыйныя тэхналогіі, але, калі пішаш пра гэта, – нуль рэакцыі”, – адзначае Сцяпан Яфімчык.
Паводле яго, Аляксандр Лукашэнка загнаў Беларусь у такія даўгі, што невядома, як з іх выходзіць. “Ён жа як кіраўнік нічога не разумее ў эканоміцы. Вось два факты. Калі ён ішоў у прэзідэнты ў першы раз, ён крычаў пра 200 млн даляраў знешняга доўгу. А зараз больш за 50 млрд. У 2010 годзе ён абяцаў прыгожае жыццё ў Беларусі. Але на пачатку 2011 года даляр быў 3 тыс. рублёў, а зараз – 18 тыс. У шэсць разоў ён абясцэніў жыццё беларусаў. Нашто мне такі прэзідэнт патрэбны?” – задаецца пытаннем вынаходнік.