Віталь Рымашэўскі ў Гомелі заклікаў далучацца да партый і арганізацый ці ствараць новыя

01 мая 2017 13:14  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі ў Гомелі заклікаў далучацца да партый і арганізацый ці ствараць новыя

 

Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 1 траўня, нягледзячы на
перашкоды з боку супрацоўнікаў ДАІ
, выступіў на дазволеным мітынгу ў Гомелі. Акцыя
прайшла каля палацу культуры Беларускага таварыства глухіх “Віпра”. Пляцоўка
для яе была абнесеная кардонамі міліцыі, на яе не пускалі людзей з
бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі.

 

Перад пачаткам
свайго выступу Віталь Рымашэўскі падзякаваў усім, хто прыйшоў на мітынг. “Гомель
паказаў, што людзі незадаволеныя тым, што адбываецца. Нягледзячы на тое, што
ўлады пайшлі сёння на саступкі. Дэкрэт № 3 яны адмянілі, у тым ліку дзякуючы
тым людзям, якія ў Гомелі выходзілі на масавыя дэманстрацыі”, – адзначыў ён.

Сустаршыня БХД адзначыў,
што працоўныя, якія не хацелі выходзіць раней на мітынгі, каб не страціць працу
і заробкі, сёння страцілі і працу, і заробкі. Многія прадпрыемствы стаяць
збанкрутаваныя, людзей скарачаюць.

“Усе беларускія
прадпрыемствы, дзе людзі баяліся браць адказнасць у свае рукі, па сутнасці
сёння знішчаныя. Трэба зразумець, што абараніць адно аднаго, адстаяць і
сацыяльныя, і працоўныя, і грамадзянскія, і палітычныя правы, мы можам толькі
тады, калі аб’ядноўваемся разам, у арганізаваныя структуры. Таму я заклікаю
ўсіх, хто сёння тут ёсць, далучайцеся да палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
Калі вас не задавальняюць тыя, што існуюць, – засноўвайце свае. Толькі як
арганізаваная сіла мы з вамі здолеем супрацьстаяць карупцыі, прававому
бясчынству, і галечы”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.

Таксама падчас
мітынгу выступіў каардынатар БХД па Гомельскай вобласці Аляксандр Шарыпаў, які
звярнуў увагу прысутных на мясцовыя праблемы Гомеля. “Зараз ідзе рэканструкцыя
праспекту Касманаўтаў. Людзі лічаць непатрэбным пашыраць і так шырокую вуліцу.
А мы ўсё пытаемся, куды дзяюцца нашы грошы”, – адзначыў ён.

Апроч таго,
актывісты БХД правялі ў Гомелі збор подпісаў супраць дэкрэту №3 ды запрасілі
гамельчукоў на бліжэйшую сустрэчу хрысціянскіх дэмакратаў.

Болей навін