Фотавыстава «Хайсы – вiцебскiя Курапаты» адкрылася ў катэдральным касьцёле
У віцебскім катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага 30 кастрычніка пачала працаваць фотавыстава «Хайсы – віцебскія Курапаты». У экспазыцыі – больш за 180 фотаздымкаў, якія распавядаюць пра месца сталінскіх расстрэлаў ва ўрочышчы Хайсы пад Віцебскам. А таксама дакумэнты і артыкулы – як сьведчаньне змаганьня за памяць і праўду…
«Мы вяртаем гістарычную праўду»
Адкрыў выставу старшыня грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў, дзякуючы намаганьням якога і ажыцьцявіўся гэты праект. Ян Дзяржаўцаў распавёў, як у 2014 годзе разам з паплечнікамі пры дапамозе жыхара вёскі Лужасна Сяргея Кудзінава адшукаў магілы, разрабаваныя чорнымі капальнікамі. Наперадзе была доўгая пошукавая праца. Апытаныя актывістамі мясцовыя жыхары пераконвалі, што знойдзеныя пахаваньні належаць ахвярам сталінізму. Пацьверджаньнем таму сталі сотні матэрыяльных сьведчаньняў, якія былі знойдзеныя пазьней вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну. А па адкапаным грабеньчыку ўдалося высьветліць нават імя асобы, якой ён належаў, – Вольгі Данцыт.
«Гэткім чынам мы вяртаем гістарычную праўду. Распавядаем, як тое было насамрэч. Дапамагаем людзям адшукаць магчымае месца спачыну іх родных. І на працягу ўжо пяці гадоў ствараем мэмарыял», – сказаў Ян Дзяржаўцаў.
Ён адзначыў, што ўлады адмовіліся дапамагаць у высьвятленьні праўды і ў належным ушанаваньні бязьвінна забітых. Мэмарыял «Хайсы» паўстаў выключна дзякуючы працы грамадзкіх актывістаў і ахвяраваньням простых беларусаў.
«Гэта мусіць стаць урокам»
«Справа Касьцёлу – гэта справа адносінаў чалавека і Бога. Бязь веры ў Бога чалавек перастае шанаваць сваё жыцьцё. Заданьнем Касьцёлу ёсьць таксама малітва за тых, хто сышоў без пакаяньня – каб Бог прыняў іх да іншай, шчасьлівай рэчаіснасьці. Адначасова просім, каб чалавек, які застаецца і жыве тут, разумеў і шанаваў сябе як узор Божы», – сказаў на адкрыцьці выставы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Ён зазначыў таксама, што ўсё, пра што расказвае выстава, не павінна паўтарыцца. Мусіць стаць урокам таго, да чаго можа дайсьці чалавек, які ня мае ў сваім сэрцы Бога.
«Хочацца, каб выстава несла прымірэньне»
Ксёндз Вячаслаў Барок, які адмыслова прыехаў на імпрэзу з Расонаў, адзначыў важнасьць выставы «для лекаваньня народнай памяці, якая мусіць абудзіць сумленьне».
«Выстава гэтая праводзіцца не для таго, каб знайсьці вінаватых і пакараць іх. І не для таго, каб, ня дай Божа, гледзячы на гэтыя косьці, хтосьці пажадаў адпомсьціць. Хочацца, каб гэтая выстава несла пасыл прымірэньня. Каб мы, убачыўшы ў мінулым кепскае, пакаяліся…» – падкрэсьліў сьвятар.
Разам з тым, Вячаслаў Барок зазначыў, што нельга адмаўляць мінулую трагедыю, бо чарапы і косьці, якія тырчаць зь зямлі, прамаўляюць да нас. І той, хто намагаецца схаваць гэтыя сьведчаньні, глыбока памыляецца. Як памыляецца і той, хто бачыць у выставе нейкі палітычны кантэкст.
«Усё зроблена на сродкі беларускага народу»
Уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан прызнаўся, што быў шакаваны, калі першы раз у 2014 годзе наведаў расстрэльны лес у Хайсах.
«Нашым адказам пасьля сустрэчы з гэтымі парэшткамі мусіць быць прабачэньне, бо прабачэньне патрэбнае найперш нам. І ня трэба шукаць адказу на тое, як такое магло стацца на нашай зямлі, бо ў аснове ўсяго гэтага ляжыць грэх. Але самае жахлівае было б прагнуць помсты і жадаць зьнішчыць выканаўцаў», – сказаў айцец Зьміцер.
Грамадзкі дырэктар народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі зь Менску ў сваім выступе назваў Яна Дзяржаўцава асобай, якая ўмее браць на сябе адказнасьць.
«Я ведаю, як гэта ўсё цяжка даецца, бо займаюся такой жа працай цягам ужо 20 гадоў у Курапатах. Ведаю, як цяжка зьбіраецца фактычны матэрыял, як цяжка зьбіраюцца сродкі. Усё, што зроблена ў Хайсах, і ўсё, што зроблена ў Курапатах і ва ўсёй Беларусі, зроблена на сродкі беларускага народу. Там няма ніводнай капейкі ад гэтай дзяржавы»,– падкрэсьліў Алесь Чахольскі.
«Кажу вам – я не вінаваты!»
Краязнаўца і актывіст Уладзімер Іваноў зьвярнуў увагу на «рэанімацыю» асобы Сталіна ў сучаснай Расеі. Казаў, што, паводле дасьледаваньняў, 30% маладых расейцаў назвалі Сталіна «вялікай гістарычнай асобай». Магчыма, што ў Беларусі сытуацыя іншая, але ж у назвах вуліцаў Віцебску па-ранейшаму жывуць імёны сталінскіх паплечнікаў, рукі якіх былі заплямленыя чалавечай крывёю.
Актывістка грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Тацяна Севярынец напрыканцы імпрэзы таксама казала пра веру, памяць і прабачэньне. Сваю прамову завяршыла радкамі, якія надрапаў на сьцяне вязьніцы перад расстрэлам у ноч з 29-га на 30-е кастрычніка рэпрэсаваны беларускі паэт Міхась Чарот. «Мае палі, Мае бары, – Кажу вам – я не вiнаваты!» – так заканчваецца верш.
Выставу «Хайсы – вiцебскiя Курапаты» можна наведаць цягам тыдня ў катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску (вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 28).