У Менску прайшоў круглы стол па пытанні вызвалення палітвязняў (Фота, відэа)
Для вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў еўрапейскія краіны павінны ажыццяўляць эканамічны і візавы ціск на афіцыйны Мінск. У гэтым перакананы палітыкі і родныя асуджаных, што прымаюць удзел у круглым стале па іх вызваленні.
Прадстаўнікі грамадскасці ўпэўнены: міжнародная супольнасць – ключавы палітычны суб’ект, які можа прымусіць беларускія ўлады аднавіць законнасць у краіне.
Тым часам у самой Беларусі, па словах экс-кандыдата ў прэзідэнты на мінулых выбарах Віталя Рымашэўскага, прадстаўнікі грамадскасці і родныя асуджаных ад сённяшняга дня распачнуць шырокую кампанію інфармавання насельніцтва па праблеме палітычных вязняў.
– Я лічу, што нам варта менавіта зараз правесці супольную інфармацыйную кампанію пра палітзняволеных. Гэта адзінае, чаго не было зроблена разам. БХД і іншыя палітычныя арганізацыі, партыі рабілі выпуск адмысловых дыскаў, бюлетэняў. Але сапраўды нацыянальнай кампаніі не было. Каб выказваліся пра палітзняволеных сваякі, каб мы падымалі тэмы, актуальныя для тых людзей, якія зараз знаходзяцца за кратамі, і каб перадусім думалі пра іх вызваленне, перадае Радыё Рацыя.
Удзельнікі круглага стала па пытанні вызвалення палітвязняў звярнуліся таксама да міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый з просьбай даць прававую ацэнку крымінальных спраў супраць Аляксандра Крутога і Сяргея Каваленкі. Прызнанне гэтых людзей палітычнымі вязнямі, на думку прадстаўнікоў грамадскасці, стане першым крокам на шляху іх хутчэйшага вызвалення.
Байкот апазіцыйнымі партыямі маючых адбыцца ў 2012 годзе парламенцкіх выбараў можа паўплываць на вызваленне палітвязняў, заявіў Віталь Рымашэўскі, перадае БелаПАН.
– Вельмі важным рашэннем у гэтым годзе будзе рашэнне аб удзеле ў парламенцкіх выбарах. Гэтыя выбары вельмі важныя для ўлады як фактар легітымізацыі рэжыму. І калі нам удасца выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю і паставіць пытанне аб байкоце выбараў у залежнасць ад вызвалення палітвязняў, і калі гэта будзе першачарговым пытаннем і сумеснай пазіцыяй ўсіх апазіцыйных палітычных партый, тады пытанне аб вызваленні палітвязняў будзе вырашацца хутчэй, – лічыць Рымашэўскі.
Таксама экс-кандыдат звярнуўся да сваякоў кіраўнікоў палітычных партый з просьбай паўплываць на рашэнне палітыкаў па стаўленні да выбараў. «Ваша меркаванне будзе вельмі важным пры прыняцці рашэння аб байкоце парламенцкіх выбараў ці ўдзеле ў іх. Вы можаце паўплываць на палітыкаў, на іх рашэнні, хоць людзі і так на гэтыя выбары ісці не хочуць», – заявіў палітык.
– Што можна зрабіць прама цяпер? Я б прапанаваў, каб круглыя сталы з удзелам сваякоў палітвязняў праводзіліся б кожны месяц, каб гэтае пытанне не знікаў з парадку дня. Таму што ёсць шмат іншых праблем. Сярод якіх праблема палітвязняў можа «згубіцца». Сёння, напрыклад, стала вядома, што Лукашэнка заявіў аб магчымай рэформе палітычнай сістэмы, а партыі “БХД” адмовілі ў рэгістрацыі.Такім чынам, у СМІ праблема палітвязняў будзе адыходзіць на другі план, а мы не можам гэтага дапусціць, – адзначыў Рымашэўскі.
Паводле дакументальнага фільму Вольгі Мікалайчык, паказанага напярэдадні круглага стала, яшчэ ў мінулым годзе ў Беларусі праваабаронцы называлі імёны 14 чалавек, якія знаходзіцца ў зняволенні за палітычную дзейнасць альбо праз свае палітычныя погляды. Гэта Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Зміцер Бандарэнка, Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў ды іншыя палітычныя актывісты. Зараз да гэтага спісу прапануецца дадаць яшчэ двух чалавек — Аляксандра Крутога і Сяргея Каваленку, якіх кінулі за краты зусім нядаўна. Падчас круглага стала быў агучаны шэраг прапаноў.
Ініцыятар «Народнага сходу» Віктар Івашкевіч прапануе не зніжаць ціску на рэжым, у тым ліку з боку міжнароднай супольнасьці:
“Бачу выйсце па некалькіх кірунках. Па-першае, нам трэба на ўсіх сустрэчах з замежнікамі казаць, што патрэбны татальны байкот рэжыму. Наколькі яны здольныя на гэта, гэта справа іх сумленья, але наша справа — ім казаць і казаць пра гэта. Што вашы ўсе паўзахады не даюць выніку, і калі вы шчыра заклапочаныя лёсам палітвязняў, вы павінны байкатаваць рэжым да таго часу, пакуль палітвязняў ня выпусьцяць”.
Унутры краіны палітык прапанаваў ціснуць найперш праз пытанне ўдзелу палітыкаў у будучых выбарах — пакуль не вызваленыя палітвязні, ніякага ўдзелу, заклікае спадар Івашкевіч.
Актывістка грамадскай арганізацыі пенсіянераў «Наша пакаленне» Тамара Зялко выступіла за актывізацыю інфармавання грамадства пра праблему палітвязняў. «Трэба вярнуцца да ўжо забытай формы — улёткі, якія можна ўкідаць людзям у паштовыя скрыні».
Лідэр арганізацыі дапамогі вязням «Платформа» Андрэй Бандарэнка падтрымаў гэтую прапанову, адзначыўшы са свайго досведу, што беларускае грамадства надзвычай мала ведае пра наяўнасць палітвязняў.
Былы палітвязень Мікіта Ліхавід выступіў за тое, каб была створаная інфармацыйная група, якая б сістэматызавала інфармацыю пра палітвязняў, бо пакуль гэтая інфармацыя часам супярэчлівая, перадае Радыё Свабода.
Актывістка Ганна Шапуцька зачытала зварот у Міжнародную хакейную фэдэрацыю з заклікам адмовіцца ад правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, паколькі Беларусь не адпавядае крытэрыям дэмакратычнай краіны:
«Ведаючы, якое значэнне Лукашэнка надае гэтаму мерапрыемству, як ён за ім сочыць і дбае пра яго, мы спадзяемся, што пагроза адмены чэмпіянату можа прымусіць яго вызваліць палітвязняў», — мяркуе Ганна Шапуцька.
Жонка экс-кандыдата на прэзідэнцкую пасаду Андрэя Саннікава Ірына Халіп прапанавала таксама звярнуцца ў нацыянальныя федэрацыі хакею з заклікам байкатаваць чэмпіянат у Беларусі, калі такое рашэнне ўсё ж не будзе адмененае.
Дыскусію сярод удзельнікаў круглага стала выклікала пытанне пра байкот парламенцкіх выбараў як спосаб ціску на ўладу для вызвалення палітвязняў. Праваабаронца Людміла Гразнова мяркуе, што варта было б выкарыстаць магчымасці агітацыйнай кампаніі падчас перадвыбарчай барацьбы, каб прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў:
«Трэба атрымаць водгук ад грамадскасці, спачуванні людзей, а таму распаўсюд інфармацыі пра палітвязняў — пытанне нумар адзін унутры Беларусі. І дзеля гэтага падчас выбараў можна шмат зрабіць».
Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч перадала ягонае меркаванне — Статкевіч таксама за ўдзел у выбарах на іх першай стадыі, каб атрымаць магчымасць данесці свае погляды да выбарцаў, у тым ліку і пра палітвязняў.
Аднак большасць удзельнікаў круглага стала, якія выказаліся, падтрымалі прапанову байкоту. Вольга Бандарэнка перадала словы свайго мужа — удзел у выбарах Зміцер Бандарэнка палічыў бы здрадай справе вызвалення палітвязняў.
Удзельнікі круглага стала пачалі збор сродкаў, каб дапамагчы сям’і актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі, і падпісалі лісты да яго з заклікам адмовіцца ад галадоўкі. «Радзіме патрэбныя здаровыя змагары за Беларусь», — напісала ў сваім звароце да Каваленкі намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка.