Павал Сітнік: у Беларусі толькі адзін закон

01 сакавіка 2012 12:00  |  Палітыка

Піша сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Сітнік, які разам з іншымі актывістамі быў затрыманы і асуджаны за намер падтрымаць палітвязня Сяргея Каваленку.

 

“Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы” – 21 артыкул Канстытуцыі РБ.

 

Апошнія 10 год майго свядомага жыцця я не маю ніякіх ілюзій на конт забеспячэння дзяржавай маіх правоў і свабодаў, тым болей мне становіцца смешна ад словазлучэння “вышэйшай мэтай”. Для мяне ўжо даўно стала відавочна, што вышэйшай мэтай у гэтай краіне стала захаванне дзяржаўнай улады, і ўвесь дзяржаўны апарат працуе на гэта. Апошнія падзеі былі для мяне сведчаннем гэтаму – хлопцу даюць 15 сутак за зладжанне лялечнага пікету, на адным з вызначальных дзяржаўных прадпрыемстваў не даюць утварыцца незалежнаму прафсаюзу, на паседжанне хрысціянскай супольнасці ўрываецца спецназ і вывозіць усіх у невядомым кірунку, колькасць асуджаных па палітычных матывах перавысіла 18 чалавек… Усё гэта больш падобна на што заўгодна, але не на дэмакратычную Рэспубліку.

 

Вось на адзін з такіх паказальных палітычных працэсаў мы і ехалі 21 лютага разам з хлопцамі з “Маладога фронту” – на працэс над Сяргеям Каваленкам, якому пагражала да 3 год за вывешванне гістарычнага сцягу на навагодняй елцы. Сяргей галадаў ужо больш за 30 дзён у знак пратэсту, яго стан быў вельмі кепскі. Але суд быў назначаны і не мог не адбыцца, нават калі б ён быў у коме – быў загад зверху, круціся як хочаш. Мы ведалі гэта і ехалі падтрымаць Сяргея, прынамсі, каб ён пабачыў хоць краем вока, што людзей неабыякавых да яго лёсу шмат.

 

“Абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў прадугледжаных законам выпадках…” – 23 артыкул Канстытуцыі РБ.

 

Вось да такога выпадку мы і ехалі на сваёй машыне, але гэты выпадак быў прадугледжаны не законам, а беззаконнем існуючай улады. Каля 9 гадзін раніцы пад Віцебскам нас спынілі інспектары ДПС, спачатку нібы для праверкі дакумантаў. Але, было відавочна, што яны ведалі, каго спыняць, бо, перагарадзіўшы ўвесь паток машынаў выцягнулі менавіта нашую. І гэта дае падставу сумнявацца ў выкананні ўладамі іншага артыкулу Канстытуцыі(артыкул 28) – “кожны мае права на абарону ад умяшальніцтва ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад пасягальніцтва на таямніцу яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў”. Таму што было відавочна, што супрацьпраўным чынам нашыя тэлефоны праслухоўваліся, улады ведалі, на якой машыне, колькі чалавек, і ў які час мы будзем ехаць.

 

Прадугледжаных законам выпадкаў для нашага затрымання не было, як не было падставаў для праверкі дакумантаў усіх пасажыраў машыны. Нягледзячы на гэта супрацоўнікамі ДПС была выклікана група захвату, якая таксама стаяла не далёка напагатове, пра што сведчыць іх хуткі прыезд. Нас заштурхалі ў іншую машыну і павезлі без тлумачэння якіх прычынаў у мясцовы РАУС.

 

У гэтых канкрэтных дзеяннях улады, былі парушаныя нашыя правы артыкула 30 Канстытуцыі РБ – “грамадзяне РБ маюць права на свабоднае перасоўванне…” і таксама артыкула 29 – “недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў грамадзян”, таму што недатыкальнасць майго законнага ўладання – аўтамабіля – была парушана гвалтоўным чынам. Нас наўпрост за шкіркі выцягнулі з машыны.

 

Далей нас вельмі доўга трымалі ў няведанні, пасля амаль 4 гадзін у пастарунку нас пачалі афармляць за лаянку ў грамадскім месцы і непадпарадкаванне міліцыі – артыкул 17.1 грамадзянскага кодэксу РБ. Гэта быў стандартны артыкул для часовай ізаляцыі нязгодных, мы ведалі гэта, таму нічога не падпісвалі і не пагаджаліся з абвінавачаннямі.

Пасля мне сказалі, што маю машыну сканфіскоўваюць, бо яе нумар кузава выклікаў пэўныя падазрэнні ў пільных супрацоўнікаў міліцыі. Сказалі, што машыну мне аддадуць ня хутка, бо працэдура праходжання экспертызы вельмі марудная. Пры гэтым мяне толькі паставілі ў вядомасць на гэты конт і не зрабілі адпаведных працэсуальных дзеянняў, бо на руках у мяне былі толькі дакуманты. Ключы ад машыны і саму машыну фактычна скралі супрацоўнікі міліцыі, не прадаставіўшы мне ніякіх пратаколаў аб канфіскацыі, чым зноў жа парушылі артыкул 29 Канстытуцыі РБ пра недатыкальнасць маёмасці.

 

У гэты самы час мая жонка, ведаючы пра сітуацыю з СМІ пачала тэлефанаваць у Віцебскі РАУС, дзе ёй неаднаразова сказалі, што такога затрыманага ў іх няма. Чым яны парушылі артыкул 34 Канстытуцыі РБ, які кажа пра тое, што “грамадзянам РБ гарантуецца права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзеянне дзяржаўных органаў”, да якіх прыналежыць Міністэрства Унутраных Спраў.

 

Адзіным правам, якое задаволілі ўжо ў судзе, было права на абарону сваіх правоў (права на адваката), згодна з артыкулам 22 Канстытуцыі РБ. Але, як толькі нас выпусцілі з залі суду, каб задаволіць нашае права на адваката, перанесшы суд на заўтра, нас зноў затрымалі і адвезлі ў РАУС, дзе прымусова схілілі нас да праходжання дактыласкапіі, фота і відэаздымкі для ўнясення ў іхнюю базу. Чым зноўку парушулі амаль усе папярэднія артыкулы Кантстытуцыі.

 

Не гледзячы на тое, што траса Менск-Віцебск не магла быць грамадзянскім месцам. А гледзячы болей на хлуслівыя сведчанні супрацоўнікаў МУС, суддзя прызнала нас вінаватымі ў супрацьпраўным дзеянні і вынесла свой прысуд.

 

Але ўсе гэтыя разважанні і апісанні нічога не вартыя, таму што ў нашай краіне адзін закон – беззаконне ўлады. Вельмі добра патлумачыў нам сітуацыю адзін з супрацоўнікаў РАУС, ён сказаў: “Какие ваши права?! Понимаете, ребята, вы – никто. Вы – отморозки, пятая колонна. Вы, как евреи в Гитлеровской Германии, у вас нет никаких прав, вас мочить надо”… Апостал Павал, калі аднойчы быў незаконна затрыманы і пасаджаны ў вязніцу, сказаўшы прадстаўнікам улады пра тое, што ён грамадзянін Рыму, вельмі моцна напужаў іх. І яны былі вымушаныя адпусціць яго, папрасіўшы прабачэння. Гэта было каля 2000 год таму…

 

Сказаўшы зараз прадстаўнікам улады, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, я выклічу з іхняга боку смех і толькі. Законам у РБ  зараз называецца збор тэарэтычных запісаў, вельмі добра падточаных за апошнія гады пад сучасную ўладу. І тое, гэты закон мае хоць нейкую тэарэтычную моц толькі тады, калі вы не ў спісе “Пятай калоны”. То бок хтосьці грамадзянін, а хтосьці не? Хтосьці мае правы, а хтосьці не? Тэарэтычна ў нашай краіне ніхто не мае правоў, акрамя самой улады. І інстурманты выпраўлення сітуацыі даўно згубленыя і схаваныя самой уладай.

 

З’язджаць мы не збіраемся, хоць у нас хочуць забраць і гэта права… Беззаконне можна перамагчы толькі Вышэйшым законам – законам Божым – вераю, надзеяй і любоўю…

Болей навін