Прапануем нізку вершаў да Дня паэзіі

03 кастрычніка 2012 14:11  |  Грамадства

Да Сусветнага дня паэзіі, які адзначаецца сёння, змяшчаем невялікую нізку вершаў.
Разам з тым паведамляем, што пачынаецца фармаванне другога па ліку нумару альманаха “Дабравест”. Маем намер скласці яго з твораў
патрыятычнай і філасофскай тэматыкі.
Тэлефон складальніка: (029) 130-67-68, Vel.

СЯРГЕЙ ПАНІЗНІК

* * *

Памяці

Вінцэнта Гадлеўскага

Заместа помнікаў – пралескі,

дзе смерць ахвяраў раскідала.

Радзіма нам не раз шаптала:

пралеска памяці – Гандлеўскі.

 

Да праўды божае ахвочы

ягоны лік не знік у скрусе.

Цвітуць пралескі Беларусі –

Гандлеўскага святыя вочы.

 

Хай снежань і замкнуў крыніцу,

Ды запавет яго – дарадца,

Як трэба сёння нам старацца,

Каб з Вераю не развітацца.

 

Быць беларусам – гэта праца!

 

МІКОЛА ЛЯШЧУН (Лагойск)

БЕЛАРУС

 

Ад беларускае гаворкі,

Нібы ад поснае куцці,

Скрывіўся мой размоўца горка

І цыгарэтны дым пусціў.

 

Не горкі дым, а позірк горкі

Мяне муціў і засмуціў.

Да беларускае гаворкі

Яму яшчэ расці, расці…

 

Мне стала прыкра і няёмка

За суайчынніка свайго:

Відаць, бацькоўская старонка

Зусім чужая для яго.

 

Я распавёў на дзве гадзіны

Пра край наш, аб яго жыцці.

І зразумеў, што й да радзімы

Размоўцу трэба дарасці.

 

Ён слухаў і не чуў нічога

І рваўся як хутчэй пайсці.

А я адчуў, што і да Бога

Размоўцу трэба дарасці.

(З кнігі “Белая завея”, 2009)

 

ГАЛІНА НУПРЭЙЧЫК (Клецк)

            ПАЭТАМ

 

Што з’яднала вас,

 лёсы розныя,

Сэрцы ўзнёслыя, душы родныя?

Летуценнікі і вандроўнікі,

Краю любага вы абраннікі.

 

Боль і смутак вам напрарочаны.

Не для лёгкіх шляхоў народжаны.

Хай жывуць вашы словы

 ў вечнасці,

Зззяюць зоркамі чалавечнасці.

 

Болей навін