Віцебскі абласны суд пакінуў у моцы прысуды актывісткам БХД за Курапаты

26 верасня 2018 19:21  |  Палітыка

Віцебскі абласны суд пакінуў у моцы прысуды актывісткам БХД за Курапаты

 

Віцебскі абласны суд 26 верасня пакінуў у моцы прысуды актывісткам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Таццяне Севярынец і Ірыне Захаравай за акцыю ў Курапатах пад Менскам 8 жніўня. “Пакінулі нам штрафы па 13 базавых. Мы напісалі скаргі на перагляд, хоць і ведалі, што так і будзем. Але мы хацелі выступіць і выказаць усё, што думаем”, – адзначыла Ірына Захарава.

У судзе Таццяна Севярынец нагадала суддзі, што падобная ж справа ў дачыненні яе, прайшла праз усе інстанцыі, і ў выніку Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў права актывісткі на мірны сход, “сказаўшы вялікае “фе” ўсёй судовай сістэме Беларусі”. Зараз Беларусь павінна кампенсаваць ёй усе выдаткі, але, адзначыла актывістка, беларускія ўлады плююць на рашэнні ААН.

Каардынатарка БХД падкрэсліла, што насуперак пастанове папярэдняй судовай інстанцыі яе ніхто не затрымліваў і ніхто ў дачыненні да яе пратакол не складаў. Нягледзячы на гэта, ёй пра суд паведамілі толькі за дзень, не даючы магчымасці да яго падрыхтавацца. Сам суд адбыўся ў адсутнасць актывістак, ледзь не сарваўшы сустрэчу ў выканкаме.

Таццяна Севярынец заявіла, што мае поўнае права адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю дзе заўгодна і як заўгодна, калі не стварае пагрозы іншым грамадзянам. Пры гэтым яна адзначыла, што сама з’яўляецца дачкой рэпрэсаванай. Актывістка таксама адзначыла незаконнае змяншэнне ахоўнай зоны Курапатаў для наступнага будаўніцтва рэстарацыі.

“Вы лічыце, што я не маю права сказаць, што яны не маюць права тут будаваць свой рэстаран, парушаць заканадаўства, ганьбіць Рэспубліку Беларусь на ўвесь свет?” – падкрэсліла яна.   

Ірына Захарава таксама падзялілася сваім выступам у судзе:

“З рашэннем суда я не згодная, бо не лічу сябе вінаватай. Я не буду зараз цытаваць 35 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сходаў і 21 артыкул міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах чалавека, бо па вашай дзейнасці Вы павінны быць знаёмыя з імі. Я хачу цяпер сказаць пра іншае:

Так, 8 жнiўня 2018 года я мірна стаяла, падкрэсліваю, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу Курапаты з бел-чырвона-белым сцягам БНР. Нічога ганебнага ў гэтым я не бачу. У гэты дзень у мяне на руцэ таксама быў бранзалет з армянскім трыкалорам і надпісам «ес хаем – я армянка». Ён і сёння ў мяне на руцэ. Людзі вольныя насіць тое, што ім падабаецца: бо многія носяць майкі з выявай рускага, ангельскага ці турэцкага сцяга. Дык чаму ж сцяг БНР так адмоўна дзейнічае на нашы ўлады, што мы атрымліваем за яго такія каласальныя штрафы? Бо пад гэтым сцягам прэзідэнт прымаў прысягу.

Я каля 30 гадоў пражываю ў Віцебску, і Беларусь стала маёй другой радзімай. Я прайшла многае ў сваім жыцці: і выгнанне армянаў з Баку, і землятрус у Арменіі. Зараз я лічу сваім грамадзянскім абавязкам быць салідарнай з беларусамі ва ўвекавечанні памяці нявінна забітых у часы сталінскіх рэпрэсій па ўсёй Беларусі: гэта менскія Курапаты, віцебскія Хайсы, аршанскія Кабылякі і многія іншыя месцы.

Са мной павінны быць салідарныя многія беларусы і ў тым ліку і Вы, але я думаю, што мой учынак паслужыць прыкладам для многіх жыхароў Беларусі. І ўсё роўна, які ты нацыянальнасці, галоўнае, што гэта з’яўляецца нашым усеагульным болем.

 «Народ, які не памятае свайго мінулага, не мае будучыні …» Гэтыя словы належаць дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу, былому прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Чэрчыль”.

Болей навін