Салігорскія чыноўнікі не хочуць дыялогу па сацыяльна важных пытаннях
Напрыканцы 2011 году ў салігорскіх крамах значна знізілася колькасць малочнай прадукцыі сацыяльнага прызначэння. Абураныя гэтым фактам жыхары гораду звянуліся па вырашэнне праблемы да мясцовых уладаў. Сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, салігорац Уладзімір Шыла ў снежні 2011 года патрапіў на прыём да кіраўніцтва выканкаму па вышэй адзначаным пытанні. Аргумент чыноўнікаў па ўзніклай праблеме шакаваў:
– Намесніца старшыні Салігорскага выканкаму па эканоміцы Ірына Зубарэвіч ў адказ на маё пытанне “Куды падзелася сацыяльна значная малочная прадукцыя?” прапанавала мне з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства ў тую краіну, дзе з малаком праблем няма, – кажа У. Шыла. – Прадстаўнікі гармалзаводу прызналі зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці сацыяльнай прадукцыі, але канкрэтныя лічбы назваць не змаглі.
Па выніках сустрэчы Уладзімір Шыла запатрабаваў даць яму пісьмовы адказ па ўзнятым пытанні з адлюстраваннем какнрэтных лічбаў вытворчасці сацыяльнага малака ў лістападзе і снежні 2011 году. Таксама ён падаў заяву на правядзенне пікету каля прахадной Салігорскай філіі Любанскага сыраробчага заводу.
Афіцыйныя адказы чыноўнікаў салігорскую грамадскасць аднак таксама не задаволілі:
– На правядзенне пікету каля малаказаводу, як і любых іншых пікеты ў 2011-м годзе, чыноўнікі дазволу нам так і не далі. Права законна атрымаць іфармацыю таксама было парушана. Канкрэтныя лічбы чыноўнікі схавалі за фармулёўкай “прадпрыемства нязначна скараціла выворчасць сацыяльна-значнай прадукцыі”, – падсумоўвае несуцяшальныя вынікі Уладзімір Шыла.
Зрэшты, асноўнай сваёй мэты салігорскай грамадскасці дамагчыся ўсё ж такі ўдалося. Нягледзячы на чыноўніцкія адпіскі ды забароны, колькасць малочнай прадукцыі па сацыяльных коштах на паліцах прадуктовых крамаў у сталіцы шахцёраў усё ж павялічылася.